2016-09-10 14:36:00

Беатыфікацыя апостала ГУЛАГу пройдзе у Карагандзе


Прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэла Амата накіраваўся ў Казахстан, дзе 11 верасня 2016 г. узначаліць беатыфікацыю каталіцкага святара і гераічнага сведкі веры кс. Уладзіслава Букавінскага.

Будучы благаслаўлённы нарадзіўся ў каталіцкай сям’і ва ўкраінскім Бердычыве ў 1904 г. Пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння ў Кракаве асаблівым чынам прысвяціў сябе клопату аб хворых і працы з моладзю. З 1936 г. працаваў у Луцкай дыяцэзіі, дзе восенню 1940 г. быў арыштаваны НКУС. З пачаткам Другой сусветнай вайны на савецкай тэрыторыі апынуўся на свабодзе і арганізаваў харчовую і духоўную дапамогу палонным. У 1945 г. быў зноў арыштаваны савецкай уладай і асуджаны на дзесяць гадоў працоўных лагераў.

Па словах кардынала Амата, лагер стаў для яго амбонай, з якой ён вучыў любові да Бога і міру з бліжнімі. Тут ён шмат маліўся, зрабіўшы ружанец з хлебных шарыкаў, пакуль спалі іншыя вязні цэлебраваў св. Імшу на лагерных нарах, нягледзячы на забарону спяваў рэлігійныя гімны, а адпраўляючыся на працу ў шахту, прасіў францішканаў, асуджаных разам з ім, распавядаць яму гісторыі пра Францішка Асізскага, святога пакоры і веры. Пасля дзесяці гадзін працы кс. Букавінскі знаходзіў сілы для таго, каб наведваць хворых, удзяляць сакрамэнты, прамаўляць духоўныя разважанні.

Пасля заканчэння тэрміну зняволення, у 1955 г. ён адмовіўся ад магчымасці вярнуцца на Радзіму і прыняўшы савецкае грамадзянства працягваў патаемна займацца душпастырскай дзейнасцю на тэрыторыі Казахстана. “Пасярод прыніжанага і прыгнечанага народу ён быў чалавекам надзеі”, - заўважыў кардынал Амата і дадаў, што ён быў “упэўнены ў адраджэнні Касцёла на Усходзе і вяртанні Расіі да Хрыста”.

Беатыфікацыя кс. Уладзіслава Букавінскага пройдзе ў Карагандзе – горадзе, дзе доўгі час жыў і выконваў сваёй служэнне будучы благаслаўлёны.








All the contents on this site are copyrighted ©.