2016-09-09 11:33:00

Папа пра евангелізацыю: спачатку сведчанне, а потым слова


Евангелізацыя здзейсняецца не толькі словам, але перш за ўсё прыкладам уласнага жыцця, нагадаў папа Францішак 9 верасня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. У сваёй гаміліі Пантыфік распавёў, што значыць даваць сведчанне аб Хрысце.

Спасылаючыся на словы апостала Паўла: “Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо абавязак гэты ўскладзены на мяне” (1Кар 9,16), Святы Айцец заўважыў, што многія хрысціяне, нажаль, успрымаюць евангелізацыйнае служэнне ў якасці “функцыі” ці празелітызму і хваляцца тым, што прывялі ў Касцёл шмат людзей. 

Абвяшчэнне Евангелля, паводле яго слоў, не можа быць прычынай для самахвальства, бо з’яўляецца абавязкам і павінна спаўняцца падзяляючы жыццё іншых людзей, суправаджаючы іх на шляху веры, дапамагаючы ім узрастаць у ёй. Мы павінны ўвайсці ў сітуацыю іншага чалавека. “Калі ён хворы, наблізіцца да яго, не абцяжарваць яго аргументамі” і евангелізаваць праз міласэрнасць, становячыся “усім для ўсіх”, сказаў Папа.

Францішак узгадаў, што падчас Сусветных дзён моладзі адзін юнак спытаў яго: “Што я павінен сказаць майму блізкаму сябру, які з’яўляецца атэістам?” “Гэта цудоўнае пытанне! Нам усім знаёмы далёкія ад Касцёла людзі: што мы павінны казаць ім? І я адкажу: “Паслухай, апошняе, што ты павінен зрабіць, гэта сказаць штосьці! Пачні дзейнічаць і ён убачыць твае ўчынкі і сам спытае. А калі спытае: паразмаўляй з ім. Евангелізаваць – гэта значыць даваць сведчанне”, - сказаў Папа. 

Пантыфік паставіў у прыклад св. Пятра Клявэра, святара і місіянера, які прапаведваў Евангелле праз ахвярнае служэнне самым адрынутым сваёй эпохі: чорнаскурым рабам, якіх прывозілі на продаж у Паўднёвую Амерыку.

“Гэты чалавек не рабіў прагулкі, кажучы што евангелізуе. Ён не зводзіў евангелізацыю да выканання функцыі і тым больш да празелітызму. Ён абвяшчаў Езуса Хрыста жэстамі, размаўляючы з рабамі, жывучы з імі і як яны! Такіх як ён шмат у Касцёле! Шмат тых, хто адмаўляецца ад сябе дзеля абвяшчэння Езуса Хрыста. Усе мы, браты і сёстры, абавязаны евангелізаваць. Не стучаць у дзверы суседзяў кажучы: “Хрыстус уваскрос!”, а жыць верай, казаць пра яе з пакорай, любоўю, не жадаючы нікога пераканаць, а бескарысліва”, - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй гаміліі Францішак нагадаў, што вера атрымліваецца ад Бога ў дар і як дар павінна перадавацца. Менавіта гэта, паводле яго слоў, называецца евангелізацыяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.