2016-09-09 10:00:00

Выйшла ў свет кніга-інтэрв’ю Бэнэдыкта XVI


Выйшла ў свет новая кніга-інтэрв’ю Бэнэдыкта XVI на старонках якой упершыню ў гісторыі Папа падводзіць вынікі свайго ўласнага пантыфікату. Выданне пад назвай “Бэнэдыкт XVI. Апошнія размовы” з’явілася на паліцах кнігарняў 9 верасня 2016 г. адначасова ў розных краінах свету. 

Сааўтарам кнігі з’яўляецца нямецкі публіцыст і журналіст Пэтэр Зеевальд. Інтэрв’ю было запісана ў ватыканскім кляштары “Mater Ecclesiae” – цяперашняй рэзідэнцыі Папы на пенсіі. Бэнэдыкт XVI дазволіў публікацыю гэтай кнігі толькі пры ўмове, што з гэтым пагадзіцца Францішак. 

На старонках кнігі Пантыфік на пенсіі апавядае пра самыя важныя моманты ўласнага жыцця: дзяцінства ў нацысцкай Германіі, адкрыццё паклікання да святарства, складаныя гады Другой сусветнай вайны, Другі Ватыканскі Сабор, працу ў Ватыкане, адносіны з Янам Паўлам ІІ і нарэшце служэнне на пасадзе Біскупа Рыма і адмаўленне ад яго.

Нібыта пакідаючы запавет, Бэнэдыкт XVI выказвае пажаданне, каб Касцёл усімі сіламі супрацьстаяў духу секулярызма, прывязанасці да ўлады і мамоны. Касцёл, паводле яго слоў, павінен быць “знакам, якому супраціўляцца будуць” і дэманстраваць, што хрысціянства злучана з паставай, якая далёка выходзіць за тое, што належыць да гэтага свету і матэрыялістычны погляд. Папа на пенсіі лічыць неабходным ўнутранае аднаўленне Касцёла, “хрысціянскае Адраджэнне”, адкрыццё прыгажосці, свабоды і радасці, якія дае вера.

Бэнэдыкт XVI распавёў, што тэкст свайго адмаўлення ад Пасады св. Пятра напісаў уласнаручна і на лацінскай мове, прыкладна за два тыдні да яго абвяшчэння. “Я б мог напісаць па-італьянску, канешне, але існавала рызыка, што зраблю якія-небудзь памылкі”, - прызнаўся ён на старонках кнігі.

Па словах Пантыфіка на пенсіі, сваё рашэнне ён прыняў у поўнай свабодзе, без ніякага расчаравання і пачуцця безвыходнасці перад абліччам праблем, без знешняга ціску. Ён прабываў у поўным душэўным спакоі, які дазволіў спакойна перадаць “штурвал” наступніку.

Са старонак кнігі можна даведацца, што Францішак, перш чым благаславіць вернікаў з лоджыі базылікі св. Пятра, пасля свайго абрання Папам, спрабаваў датэлефанавацца да Бэнэдыкта XVI, але не змог, паколькі той знаходзіўся перад тэлевізарам, чакаючы навін аб новым Пантыфіку. Яны паразмаўлялі пазней. Папа на пенсіі быў вельмі ўражаны і шчаслівы, калі ўбачыў як яго наступнік моліцца разам з тысячамі вернікаў.

Выбранне лацінаамерыканца на пасаду Біскупа Рыма ён лічыць знакам таго, што Касцёл ідзе наперад, з’яўляецца дынамічным і адкрытым, маючым новыя перспектывы перад сабой, што ён не “замарожаны ў схемах”.

Бэнэдыкт XVI прызнаўся, што правядзенне рэформ пераўзыходзіла яго сілы. Ён ведаў, што яго пантыфікат не будзе доўгім і галоўнай мэтай лічыў неабходнасць паставіць на першае месца тэму Бога, веры і Святога Пісання. “Кожны мае сваю харызму. Францішак – гэта чалавек практычнай рэформы. Ён доўга быў арцыбіскупам, ведае гэту справу, быў настаяцелем езуітаў, а таксама здольны да дзейнасці арганізацыйнага характару. Я ведаў, што гэта не з’яўляецца маім моцным месцам”, - прызнаўся ён.

Сааўтар кнігі “Бэнэдыкт XVI. Апошнія размовы” – Пэтэр Зеевальд – з’яўляецца незалежным журналістам, які пражывае ў Мюнхене. Раней ён працаваў у такіх буйных нямецкіх выданнях як “Spiegel”, “Stern” і “Süddeutsche Zeitung”. Папярэднія кніг-інтэрв’ю Бэнэдыкта XVІ напісаныя ім: “Соль зямлі” (1997), “Бог і свет” (2001), якія выйшлі калі Ёзэф Ратцынгер быў яшчэ кардыналам і “Святло свету” (2010), былі выдадзены на розных мовах свету і сталі бестсэлерамі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.