2016-09-09 13:57:00

Апублікавана афіцыйная праграма візіту Папы ў Швецыю


У Ватыкане 9 верасня 2016 г. была апублікавана афіцыйная праграма двухдзённага падарожжа папы Францішка ў Швецыю, дзе ён прыме ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з успамінам 500-годдзя Рэфармацыі. 

31 кастрычніка Святы Айцец прыляціць на самалёце ў горад Мальмё, які знаходзіцца ў паўднёвай частцы Швецыі – у 19 км ад дацкай сталіцы, Капенгагена. У аэрапорце пройдзе афіцыйная цырымонія прывітання, пасля якой Пантыфік накіруецца ў горад Лунд, дзе сустрэнецца з членамі каралеўскай сям’і.

Каля апоўдня ў лютэранскім катэдральным саборы Лунда Папа прыме ўдзел у экуменічнай малітве. Як паведамлялася раней, яна была падрыхтавана на падставе экуменічнага дакладу “Ад канфлікту да супольнасці – аб’яднаныя ў надзеі”, які Святы Пасад і Сусветная лютэранская федэрацыя апублікавалі ў 2013 г.

Пасля малітвы Францішак вернецца ў Мальмё, дзе прыме ўдзел у буйной экуменічнай падзеі. Яна пройдзе на тэрыторыі спартыўнага комплексу “Мальмё-Арэна”. Тут жа адбудзецца яго сустрэча з экуменічнымі дэлегацыямі, якія будуць прымаць удзел у мерапрыемствах.

На наступны дзень, 1 лістапада, Пантыфік будзе цэлебраваць св. Імшу ў Мальмё. Затым ён накіруецца ў аэрапорт, дзе пройдзе афіцыйная цырымонія развітання, і выляціць у Рым. Запланавана, што каля 15.30 самалёт з Папам на борце прызямліцца ў аэрапорце “Ciampino”, у італьянскай сталіцы.

Францішак стане другім Пантыфікам, які наведае Швецыю. Яго візіт адбудзецца праз 27 гадоў пасля падарожжа св. Яна Паўла II у гэтую краіну. 8-10 чэрвеня 1989 г. Папа быў у чатырох гарадах: Стакгольме, Упсале, Вадстэне і Лінчэпінгу. Швецыя была адным з этапаў яго 10-дзённай паездкі ў Скандынавію. 1-10 чэрвеня 1989 г. Ян Павел II наведаў таксама Нарвегію, Ісландыю, Фінляндыю і Данію.








All the contents on this site are copyrighted ©.