2016-09-08 14:53:00

Францішак: свет патрабуе дапамогі рэлігіі


Cучасны свет пакутуе і мае патрэбу ў дапамозе рэлігіі, падкрэсліў Святы Айцец у сваёй прамове да ўдзельнікаў міжрэлігійнага сімпозіума “Амерыка ў дыялогу – наш супольны дом”, якіх прыняў 8 верасня 2016 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Вера ў Бога вядзе нас да пазнання яго ў стварэнні, якое з’яўляецца плёнам Яго любові да нас і заклікае клапаціцца і ахоўваць прыроду, сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што рэлігіі здзейсняюць сапраўднае выхаванне, якое пасадзейнічае фарміраванню адказных паводзінаў ў гэтай сферы.

Па словах Папы, міжрэлігійнае супрацоўніцтва з’яўляецца вельмі важным і павінна ажыцяўляцца на падмурку шчырасці і павагі. “Калі няма ўзаемнай павагі, не будзе міжрэлігійнага дыялогу”, - дадаў ён.

Гэты дыялог, паводле Пантыфіка, павінен быць заснаваны на “веданні сваёй ўласнай тоеснасці” і перш за ўсё на праўдзе, бо толькі так можа “вырасці дрэва, поўнае пладоў”. Дыялог павінен тычыцца аховы стварэння і абароны жыцця на ўсіх яго этапах, а таксама ўсіх асноўных свабод, такіх як свабода веравызнання, свабода сумлення і думкі, адзначыў Папа.

Веруючыя людзі, павінны даваць прыклад дыялогу паміж сабой, а таксама быць гатовымі да супрацоўніцтва з усімі людзьмі добрай волі, каб даць эфектыўныя адказы на такія раны сучаснага свету, як голад, беднасць, войны, экалагічны крызіс і крызіс сям’і, а перш за ўсё на адсутнасць надзеі. “Сучасны свет пакутуе  і мае патрэбу ў нашай дапамозе. Нават просіць аб гэтым”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец нагадаў аб асобах, якія выкарыстоўваюць рэлігію для здзяйснення тэрарыстычных актаў, пашырэння страху і насілля. Францішак заклікаў асудзіць гэтыя дзеянні і адмежавацца ад усіх, хто “атручвае душы”. Неабходна дэманстраваць “станоўчыя каштоўнасці рэлігіі” і несці людзям надзею, лічыць ён.

На заканчэнне сваёй прамовы Папа ўказаў на паўсюдную каштоўнасць міласэрнасці, якая тычыцца як веруючых, так і няверуючых, бо “міласэрная любоў Бога не ведае межаў”. Ён выказаў надзею на тое, што трываючы Год Міласэрнасці стане нагодай для адкрыцця прасторы для дыялогу, сустрэчы з братамі, якія пакутуюць, а таксама барацьбы за тое, “каб наш супольны дом быў месцам, дзе ўсе карыстаюцца павагай і ніхто не выкінуты на ўзбочыну”.

Сімпозіум “Амерыка ў дыялогу – наш супольны дом” прайходзіць у Рыме 7-8 верасня 2016 г. Форум быў ініцыяваны Арганізацыяй амерыканскіх дзяржаў і Інстытутам міжрэлігійнага дыялогу ў Буэнас-Айрэсе у супрацоўніцтве з Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу. У аўдыенцыі з Святым Айцом прынялі ўдзел каля 200 чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.