2016-09-08 13:42:00

Святы Айцец: кляштары – аазісы духоўнасці для чалавецтва


Кляштары павінны быць аазісамі духоўнасці для Касцёла і свету, падкрэсліў папа Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэсу бэнэдыктынскіх абатаў, якая прайшла 8 верасня 2016 г. у Ватыкане.

Па словах Пантыфіка, сучасны свет “усё ясней дэманструе, што мае патрэбу ў міласэрнасці”, якая выяўляецца не ў “слоганах ці рэцэптах”, а ўвазе да самых патрабуючых і салідарнасці з імі. Менавіта дзейсная любоў “дэманструе сапраўднасць і пераканаўчасць паслання”, якое Касцёл абвяшчае, заўважыў ён.

“У гэты час і ў гэтым Касцёле, пакліканым звярнуць увагу на самае важнае, законнікі і законніцы, згодна з сваім пакліканнем, маюць асаблівы дар і асаблівую адказнасць: падтрымліваць жывымі аазісы духа, дзе пастыры і верніні могуць чэрпаць з крыніц Божай міласэрнасці”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, бэнэдыктынскі дэвіз “ora et labora” (маліся і працуй), сёння з’яўляецца як ніколі актуальным і “вучыць знаходзіць раўнавагу паміж імкненнем да Абсалюта і выкананнем штодзённых абавязкаў”. 

Францішак адзначыў, што кляшторная адасобленасць ад свету з’яўляецца багаццем для чалавецтва, спрагнёнага па Богу. “З уласцівай вам гасціннасцю вы можаце сустракаць найбольш згубленыя і далёкія сэрцы тых, хто знаходзіцца ў стане цяжкой чалавечай і духоўнай галечы”, - сказаў Папа.  

Святы Айцец заклікаў законнікаў не трапляць у роспач па прычыне памяншэння колькасці членаў манаскіх супольнасцяў ці іх старэння. Важна, сведчыць аб вернасці харызматам і мець адвагу для заснавання новых супольнасцяў, нават у “самых складаных краінах”, сказаў Папа і дадаў, што свет патрабуе людзей, якія штодзённа насычаюцца Божым словам, з годнасцю цэлебруюць літургію, працуюць з радасцю і ў гармоніі з стварэннем.

Міжнародны кангрэс бэнэдыктынскіх абатаў праходзіць у Рыме 3-16 верасня 2016 г. Удзельнікі форума прадстаўляюць амаль 7 тыс. бэнэдыктынскіх законнікаў, раскінутых па ўсім свеце. Колькасць законніц, якія падзяляюць духоўнасць св. Бэнэдыкта амаль ў два разы большая. Члены гэтай манаскай супольнасці, акрамя сузірання і малітвы, займаюцца выхаваннем моладзі, прыняццем мігрантаў, міжрэлігійным дыялогам, у прыватнасці з будыстамі і мусульманамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.