2016-09-08 16:03:00

Падпісана пагадненне паміж Святым Пасадам і ЦАР


6 верасня 2016 г. было падпісана рамачнае пагадненне паміж Святым Пасадам і Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай па пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Цырымонія прайшла ў прэзідэнцкім палацы ў Бангі ў прысутнасці кіраўніка дзяржавы Фостэн-Аршанжа Туадэры. 

З ватыканскага боку свой подпіс пад дакументам паставіў Апостальскі нунцый у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы арцыбіскуп Франка Копала, а з цэнтральнаафрыканскага – міністр замежных спраў Шарль-Армель Дубан.

Рамачнае пагадненне складаецца з прэамбулы і 21 артыкула. У ім адзначаецца адпаведная незалежнасць і самастойнасць Касцёла і дзяржавы і іх добрыя адносіны, устанаўліваюцца прававыя рамкі ўзаемаадносін. Бакі абавязваюцца супрацоўнічаць дзеля маральнага, духоўнага і матэрыяльнага дабрабыту людзей і спрыяння супольнаму дабру. Пагадненне ўступіць у сілу пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Францішак наведваў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, краіну, якая на працягу апошніх трох гадоў была арэнай крывавай грамадзянскай вайны, у рамках свайго “афрыканскага” падарожжа восенню 2015 г. Менавіта ў катэдральным касцёле ў Бангі ён адкрыў першыя Святыя Дзверы Юбілею Міласэрнасці, за тыдзень да яго афіцыйнага пачатку. Гэты горад Папа назваў тады “духоўнай сталіцай свету”.

Да папы Францішка Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку наведваў толькі адзін Пантыфік: Ян Павел ІІ, у 1985 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.