2016-09-07 12:52:00

Мінск: “Радыё РМ” пачало працу ў тэставым рэжыме


У Мінску пачало працу ў тэставым рэжыме каталіцкае “Радыё РМ” – менавіта пад такой абрэвіятурай было фармальна зарэгістравана ў Беларусі знакамітае “Радыё Марыя”. Вяшчанне адбываецца на прасторах Сусветнай сеткі і для шырокай аўдыторыі стане дасяжным у бліжэйшы час. Аб самым першым этапе станаўлення паведаміў праграмны дырэктар “Радыё РМ” кс. Аляксандр Улас. 

“Зараз, пасля рэгістрацыі нас чакае другі этап: гэта падрыхтоўка тэхнічнага абсталявання, памяшкання, у якім будзем працаваць. Зараз радыё запушчана ў тэставам рэжіме на прасторах Інтэрнэту, і гэта таксама патрабуе ад нас працы з серверамі, праграмістамі, праграмамі, увогуле патрабуе сіл, людзей, працы. Але маем надзею, што на працягу кастрычніка справа будзе дапрацавана”, - выказаў думку святар.

5-7 верасня 2016 г. ў Кіеве праходзіла еўрапейская сустрэча кіраўнікоў “Радыё Марыя”. У ёй прыняў удзел і куратар “Радыё РМ” у Беларусі, каб пераняць вопыт, які вельмі неабходны менавіта на самым пачатку. “Радыё Марыя” было заснавана больш за 30 гадоў таму і з цягам часу стала самастойным і ўнікальным сродкам масавай інфармацыі, які пазіцыяніруецца як свецкі, але ў аснове працы якога знаходзіцца перш за ўсё евангелізацыя”, - нагадаў кс. Аляксандр Улас. 

“Наша заданее – дапамагчы чалавеку наблізіцца да Бога праз літургію, малітву, веды, таму шмат эфірнага часу будзе займаць навучанне – хрысціянскае і каталіцкае, а таксама мы павінны зрабіць так, каб чалавек глыбей пазнаў сябе ў супольнасці, таму і сацыяльная частка будзе вельмі моцна прысутнічаць”, - падзяліўся ён. 

Ва ўсіх краінах “Радыё Марыя” з’яўляецца адкрытай на розныя хрысціянскія канфесіі і розныя меркаванні пляцоўкай. Гэтага прынцыпу будуць прытрымлівацца і на “Радыё РМ” у Беларусі. 

“Прысутнасць гасцей, прысутнасць розных меркаванняў – гэта заўсёды  добра і гэта абавязкова будзе. Бо праз іншую інфармацыю чалавек лепш пазнае сваё і больш узрастае ў сваіх поглядах, у сваёй веры”, - лічыць святар.

Акрамя пробнай версіі супрацоўнікі радыё ўжо падрыхтавалі тэставую версію мабільнага аплету для сістэмы “Android”, якую неўзабаве можна будзе спампаваць на свой смартфон. 

“Радыё Марыя” паўстала ў Італіі ў 1987 г. як асацыяцыя каталіцкіх святароў і вернікаў, мэтай якіх стала стварэнне радыё, якое зможа вынесці вучэнне Каталіцкага Касцёла за рамкі асобных парафій і зрабіць яго даступным для ўсіх людзей, нават далёкіх ад Касцёла. Праз 11 гадоў, у 1998 годзе, італьянская асацыяцыя “Радыё Марыя” стала заснавальніцай Міжнароднай асацыяцыі “Сусветная сям’я “Радыё Марыя” (World Family of Radio Maria). Зараз Радыё вяшчае на пяці кантынентах, у больш чым 70 краінах свету, у тым ліку Расіі і Украіне. “Радыё Марыя” ва ўсім свеце з’яўляецца некамерцыйным, у яго эфіры не гучыць рэклама, вяшчанне магчыма дзякуючы працы валанцёраў і фінансавым ахвяраванням радыёслухачоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.