2016-09-07 15:18:00

Кіраўнік Залы Друку пра працу ватыканскіх СМІ


У эпоху сацыяльных сетак, якая характарызуецца хуткасцю, важна, каб Зала Друку паведамляла навіны не толькі ясна і дакладна, але таксама і як мага хутчэй, заўважыў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк 7 верасня 2016 г. падчас сустрэчы ў Ватыкане з удзельнікамі міжнароднага семінара для прафесійных журналістаў, арганізаванага Папскім універсітэтам Святога Крыжа.

Грэг Бёрк падкрэсліў, што прысутнасць Папы ў сацыяльных сетках з’яўляецца важным знакам жадання Касцёла дасягнуць ўсіх людзей і дзе толькі магчыма. Паводле яго слоў, менавіта да гэтага Пантыфік падштурхоўвае ватыканскія сродкі масавай інфармацыі.

Кіраўнік Залы Друку адзначыў, што на цяперашні спосаб ватыканскай камунікацыі аказвае ўплыў Юбілей Міласэрнасці, пазначаны шматлікімі жэстамі пяшчотнасці Святога Айца.

Галоўная мэта рэформаў ватыканскіх СМІ, паводле яго слоў, заключаецца ва ўмацаванні голасу Папы і Касцёла. Для гэтага трэба быць адкрытымі на новае і пераадоліць спакусу жыцця паводле прынцыпу “заўсёды так рабілася”. Грэг Бёрк нагадаў, што працэс рэформы патрабуе часу і з аптымізмам заўважыў, што ў ватыканскіх СМІ ёсць мноства таленавітных людзей.

Адказваючы на пытанні журналістаў Грэг Бёрк распавёў, што вера – гэта фундаментальны элемент для кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Ён выказаў захапленне працай свайго папярэдніка на гэтай пасадзе – кс. Фэдэрыка Ламбардзі – які менавіта ў веры знаходзіў спакой, неабходны ў моманты самых цяжкіх выпрабаванняў. 

Міжнародны семінар для прафесійных журналістаў праходзіць у Папскім універсітэце Святога Крыжа 5-11 верасня 2016 г. Ён пакліканы дапамагачы прадстаўнікам СМІ больш кампетэнтна апавядаць пра тэмы звязаныя з жыццём Касцёла і Ватыкана. У форуме прымаюць удзел 40 чалавек з 18 краін свету.

56-гадовы Грэг Бёрк, які нарадзіўся ў ЗША, працуе ў структурах Святога Пасаду з 2012 г., калі быў прызначаны кансультантам па пытаннях камунікацыі ў секцыі па агульных пытаннях Дзяржаўнага Сакратарыяту. З 21 снежня 2015 г. ён быў віцэ-дырэктарам Залы Друку Святога Пасаду. Валодае англійскай, італьянскай, іспанскай, французскай мовамі. Кіраўніком Залы Друку яго прызначыў 11 ліпеня 2016 г. папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.