2016-09-06 15:49:00

Пантыфік прыняў прэзідэнта шпіталя “Дзіцятка Езуса”


Францішак 6 верасня 2016 г. прыняў на аўдыенцыі прэзідэнта ватыканскага педыятрычнага шпіталя “Дзіцятка Езуса” (Ospedale Pediatrico Bambino Gesù) Марыэлу Энок. Сустрэча прайшла ў Доме св. Марты – цяперашняй рэзідэнтыі Папы і працягвалася каля 40 хвілін. Святы Айцец з цікавасцю выслухаў сваю суразмоўцу і пажадаў, каб бальніца ўсё больш станавілася “вялікай справай міласэрнасці”. 

“Сустрэча напоўніла мяне радасцю і хваляваннем. Святы Айцец заахвоціў мяне працягваць прыкладаць намаганні дзеля дабра “Дзіцятка Езуса” з даверам, строгасцю і рашучасцю”, - прызналася Марыэла Энок.

У ходзе аўдыенцыі яна пазнаёміла Пантыфіка з дэталямі супрацоўніцтва, якое ватыканская педыятрычная бальніца ажыцяўляе з аналагічнай медыцынскай структурай у Бангі, сталіцы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі. Францішак наведваў яе падчас мінулагодняга візіту ў гэту краіну. 

Марыэла Энок распавяла, што за кошт Святога Пасаду там быў набыты і ўстаноўлены электрычны генератар. У праграме супрацоўніцтва: рэстаўрацыя памяшканняў бібліятэкі і медыцынскага ўніверсітэта, а таксама дапамога ў фармацыі групы мясцовых урачоў. Дадзеныя праекты будуць ажыцяўляцца дзякуючы асабліваму ўнёску з боку Ватыканскай жандармерыі, з нагоды 200-годдзя яе заснавання. 

Падчас аўдыенцыі Пантыфік меў магчымасць пазнаёміцца з вынікамі дасягнутымі шпіталём “Дзіцятка Езуса” у навуковай сферы і лячэнні маленькіх пацыентаў, у тым ліку тых, якія прыбываюць з замежжа. 

Напрыканцы сустрэчы з Папам Марыэла Энок наведала педыятрычны дыспансер св. Марты ў Ватыкане і перадала у дар гэтай дабрачыннай структуры новы ўльтрагукавы апарат.

Папа Францішак сустрэўся з Марыэлай Энок першы раз з моманту яе прызначэння старшынёй кіраўнічай рады шпіталя “Дзіцятка Езуса”, у лютым 2015 г. Святы Айцец прыме на спецыяльнай аўдыенцыі 15 снежня 2016 г. усіх супрацоўнікаў гэтай структуры.

Шпіталь “Дзіцятка Езуса” быў заснаваны ў 1869 г. для лячэння бедных дзяцей у Рыме. Гэта была першая дзіцячая клініка ў Італіі. У 1924 г. яна была перададзена пад кіраванне Святога Пасаду і ў цяперашні час знаходзіцца пад асабістым патранатам Папы. Бальніца з’яўляецца вядучай педыятрычнай установай Італіі і адным з лепшых цэнтраў дзіцячай транспланталогіі ў Еўропе.








All the contents on this site are copyrighted ©.