2016-09-06 10:31:00

Апублікаваны каляндар цэлебрацый Папы на верасень-лістапад


На працягу бліжэйшых трох месяцаў папа Францішак здзейсніць некалькі Апостальскіх падарожжаў, кананізуе сем благаслаўлёных і правядзе апошнія сустрэчы ў рамках Юбілейнага Году Міласэрнасці. 5 верасня 2016 г. у Ватыкане быў апублікаваны каляндар літургічных цэлебрацый з удзелам Пантыфіка на верасень-лістапад.

25 верасня Францішак узначаліць на плошчы св. Пятра Эўхарыстыю з нагоды Юбілею катэхетаў. З 30 верасня па 2 кастрычніка ён наведае дзве каўказскія краіны: Грузію і Азербайджан.

Яшчэ адна цэлебрацыя ў рамках Году Міласэрнасці пройдзе 9 кастрычніка. У ёй прымуць удзел асобы, якія асаблівым чынам падзяляюць марыйную духоўнасць.

16 кастрычніка ў Ватыкане Францішак здзейніць кананізацыю: айца Саламона Леклерка, мучаніка эпохі Французскай рэвалюцыі; Хасэ Санчаса дэль Рыа, 15-гадовага юнака, які прыняў мучаніцкую смерць падчас антыкаталіцкага пераследу першай паловы ХХ ст. у Мексіцы; іспанскага біскупа Мануэля Гансалеса Гарсіі, дбайнага апостала эўхарыстычнага культу; італьянскіх святароў і выхавацеляў кс. Ладавіка Павоні і кс. Альфонса Марыі Фуска; аргентынскага святара і абаронцы бедных Хасэ Габрыэля Дэль Разарыё Бракера, а таксама французскай кармеліткі сястры Элізабэты ад Найсвяцейшай Тройцы.

31 кастрычніка-1 лістапада Святы Айцец прыме ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з успамінам 500-годдзя Рэфармацыі, якія пройдуць у шведскіх гарадах Лунд і Мальмё. 4 лістапада ў Ватыкане Папа памоліцца ў інтэнцыі памерлых на працягу апошняга году кардыналаў і біскупаў.

Тры апошнія цэлебрацыі Святога Айца ў гэтым літургічным годзе будуць звязаны з Юбілеем Міласэрнасці. 6 лістапада ён узначаліць спецыяльную Эўхарыстыю для вязняў, 13 лістапала – для бяздомных, а 20 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету – з нагоды закрыцця Года Міласэрнасці. 








All the contents on this site are copyrighted ©.