2016-09-05 13:54:00

Кардынал Паралін: Маці Тэрэза – люстэрка Божай любові


“Маці Тэрэза з Калькуты – гэта люстэрка Божай любові і выдатны прыклад служэння бліжняму, асабліва самым бедным, самотным і пакінутым”, - адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін падчас Эўхарыстыі падзякі за кананізацыю заснавальніцы Сясцёр Місіянерак Божай Любові. Літургія прайшла 5 верасня 2016 г. на плошчы св. Пятра ў прысутнасці тысяч вернікаў.

Па словах бліжэйшага супрацоўніка Папы, Маці Тэрэза адкрыла ў бедных аблічча Хрыста і адказала бязмежнай любоўю да іх на бязмежнай любоўю Бога. Яна была ззяючым знакам міласэрнасці: “Асвятляла цемру тых, хто не меў нават слязінкі, каб аплакваць сваю беднасць і пакуты”, - падкрэсліў пурпурат.

Кардынал Дзяржсакратар звярнуў ўвагу на нястомнасць і адвагу з якой новая святая бараніла жыццё дзяцей, асабліва ненароджаных, якіх лічыла “самымі беднымі з бедных”. 

“На самой справе, кожны з іх залежыць, больш чым любы іншы чалавек, ад любові і клопату маці і абароны грамадства. Зачаты не мае нічога, а ўся яго надзея і ўсе патрэбы знаходзяцца ў руках іншых. Ён нясе з сабой задуму жыцця і будучыні і просіць быць прынятым і абароненым, каб стаць тым, кім ужо з’яўляецца: адным з нас, тым каго Пан яшчэ спрадвеку задумаў для выканання вялікай місіі – “любіць і быць любімым”, як Маці Тэрэза любіла паўтараць”, - сказаў кардынал Паралін.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што ў дзень калі памірала Маці Тэрэза – 5 верасня 1997 г. – уся Калькута на некалькі хвілін засталася без электрычнасці і святла. Ён пажадаў, каб святло новай святой, якое “з’яўляецца непагасным святлом Евангелля, працягвала асвятляць наша зямное пілігрымаванне і сцяжынкі гэтага складанага свету”.

Маці Тэрэза з Калькуты была кананізавана папам Францішкам 4 верасня 2016 г. у Ватыкане. У кананізацыйнай Эўхарыстыі прынялі ўдзел каля 120 тыс. чалавек з усяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.