2016-09-01 13:17:00

Святы Айцец задаволены дасягненнем міру ў Калумбіі


Францішак з радасцю прыняў навіну аб заканчэнні перамоваў паміж калумбійскім ўрадам і левай арганізацыяй “Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі”, пасля “інтэнсіўнага працэсу, які адбываўся цягам некалькіх апошніх гадоў”.

Святы Айцец выказаў падтрымку імкненню да пошуку згоды і прымірэння ўсяго калумбійскага народу, “у святле правоў чалавека і хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў цэнтры лацінаамерыканскай культуры”, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Дзяржсакратарыяту, якое было апублікавана 31 жніўня 2016 г. 

У дакуменце адзначаецца таксама, што 12 жніўня ўдзельнікі перамоваў скіравалі да папы Францішка просьбу аб прызначэнні прадстаўніка, які б мог прыняць удзел у працы камісіі па выбары суддзяў для спецыяльнага трыбуналу, які будзе дзейнічаць з мэтай прымірэння ў краіне.

“Аднак, улічваючы паўсюднае пакліканне Касцёла і місію Наступніка Пятра, як пастыра Божага народу, было б слушней, каб гэта заданне было даверана іншым органам”, - гаворыцца ў паведамленні Апостальскай Сталіцы.

Францішак даверыў “мірны працэс у Калумбіі матчынай абароне Маці Божай, Каралеве супакою і просіць аб дары Святога Духа, каб асвяціў сэрцы і думкі тых, хто пакліканы будаваць супольнае дабро калумбійскага народу”.

Мірнае пагадненне паміж калумбійскім урадам і “Рэвалюцыйнымі ўзброенымі сіламі Калумбіі” было дасягнута пасля чатырох гадоў перамоваў, якія праводзіліся на Кубе. Канфлікт паміж імі працягваўся 52 гады і ўнёс жыцці амаль 220 тыс. чалавек. Паводле ўмоваў пагаднення, паўстанцы абавязаліся скласці зброю і дабівацца сваіх мэтаў законнымі палітычнымі метадамі. Афіцыйнае падпісанне гэтай дамовы пройдзе ў сярэдзіне верасня. Яе ратыфікацыя будзе здзейсняцца па выніках усенароднага рэферэндума, запланаванага на 2 кастрычніка 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.