2016-09-01 18:00:00

Папскі прапаведнік: славіць Бога за стварэнне


Дзякаваць Богу за дар стварэння, заклікаў прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса ў сваёй гаміліі падчас малітвы Нешпараў, якую вечарам 1 верасня 2016 г. папа Францішак узначаліў у ватыканскай базыліцы з нагоды Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння.

У сваім разважанні італьянскі капуцын спаслаўся на біблійныя словы пра тое, што Бог стварыў чалавека на “свой вобраз”. “Не будзе бязладнага панавання чалавека над усім астатнім стварэннем, з наступствамі, якія лёгка ўявіць, калі чалавек будзе паводзіць сябе як створаны на вобраз Божы”, - адзначыў прапаведнік. 

Па словах айца Канталамесы, факт стварэння чалавека на вобраз Божы – “істотай у адзінстве” – кажа пра тое, што ён павінен быць менш эгаістычным, менш закрытым у сабе і менш няўважлівым да іншых людзей.

Панаванне чалавека над светам, аб якім кажа Святое Пісанне, на яго думку, не з’яўляецца “трыумфалізмам роду”, але заклікам прыняць на сябе адказнасць за слабых, бедных і безабаронных. 

Паводле айца Канталамесы, найгоршая шкода навакольнаму асяроддзю і беднасць вялізарнай масы людзей, правакуюцца ненасытным жаданнем некаторых бязмежна павялічваць ўласныя ўладанні і прыбыткі. Аднак да зямлі трэба адносіцца згодна са старажытным прыслоўем: “Нікому не дадзена ва ўласнасць, а ўсім у карыстанне”, сказаў ён.

“Існуе шмат заданняў, якія чалавек мае ў адносінах да стварэння. Некаторыя больш тэрміновыя за іншыя: вада, паветра, клімат, энергія, абарона знікаючых відаў. Пра іх гаворка ідзе ва ўсіх асяродках і падчас усіх сустрэч, якія займаюцца экалогіяй”, - заўважыў капуцын. 

Тым не менш, застаецца яшчэ адзін, аб якім, паводле прапаведніка, трэба казаць падчас сустрэч паміж вернікамі. Гэтым абавязкам з’яўляецца “даксалогія, праслаўленне Бога за стварэнне”. “Экалогія без даксалогіі робіць сусвет матавым, на падабенства вялізарнага шклянога глобуса без святла, якое павінна асвятляць яго знутры”, - сказаў ён.

Праслаўленне патрэбна не Богу, а нам, дадаў айцец Канталамеса. Праз яго стварэнне вызваляецца ад марнасці і пыхі, гэта значыць ад пустаты, да якой прывёў грэх людзей і цягне сёння нявер’е свету.

Айцец Канталамеса заклікаў браць прыклад з св. Францішка Асізскага, які маліўся не “за” стварэнне, не за яго ахову (у яго часу ў гэтым яшчэ не было патрэбы), а маліўся “з” стварэннем ці дзякуючы за стварэнне.

Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння сёлета адзначаецца ў Касцёле ў другі раз. Ён быў устаноўлены папам Францішкам ў жніўні 2015 г. Праваслаўныя вернікі адзначаюць гэта свята з 1989 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.