2016-08-31 18:17:00

Папа заклікаў кардыёлагаў клапаціцца пра здароўе бедных


Святы Айцец пажадаў, каб нават самыя бедныя людзі мелі магчымасць карыстацца медыцынскімі паслугамі. Аб гэтым ён сказаў у звароце да ўдзельнікаў міжнароднага кангрэсу Еўрапейскага таварыства кардыёлагаў, з якімі сустрэўся  31 жніўня 2016 г.

Папа нагадаў, што каталіцкае навучанне заўсёды надавала важнае значэнне навуковым даследванням. Чалавечы розум і прырода з’яўляюцца стварэннямі Бога, таму развіццё філасофскіх і эмпірычных навук, неабходных хворым, з’яўляецца важнымі служэннем, якое ўпісваецца ў Божую задуму, дадаў ён. 

“Адкрытасць на Божую ласку, якая здзейсняецца праз веру, не раніць розум, але падштурхоўвае яго ісці наперад, пазнаваць больш шырокую і карысную для чалавецтва праўду”, - сказаў Францішак.

Францішак заклікаў урачоў заўсёды быць уважлівымі да патрэбаў самых бедных, абдзеленых і маргіналізаваных, каб мелі магчымасць карыстацца іх паслугамі і атрымліваць дапамогу ў дзяржаўных і прыватных медыцынскіх установах. “Мы павінны змагацца, каб яны не сталі “адрынутымі” у гэтай культуры адчужэння, якая нам прапануецца”, - падкрэсліў Папа.

Еўрапейскае таварыства кардыёлагаў з’яўляецца найбуйнейшым медыцынскім аб’яднаннем, у якое ўваходзяць каля 75 тыс. спецыялістаў у галіне кардыялогіі з краін Еўропы і міжземнаморскага басейна. У рымскім кангрэсе гэтай асацыяцыі, які праходзіў 27-31 ліпеня, прымалі ўдзел каля 35 тыс. урачоў з 140 краін свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.