2016-08-31 15:04:00

Пантыфік прывітаў удзельнікаў кангрэсу “Renovabis”


Святы Айцец Францішак прывітаў удзельнікаў ХХ Міжнароднага кангрэсу “Renovabis”. Ён праходзіць з 30 жніўня па 2 верасня 2016 г. у нямецкім Фрайзінгу і прысвечаны ролі манаскіх супольнасцяў у грамадствах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Быць “сведкамі Евангелля” значыць пастаянна “знаходзіцца ў дарозе, як вучыць нас Езус”. “Гэта навучанне асабліва актуальнае для законнікаў з місійных ордэнаў, члены якіх пакідаюць бяспеку Радзімы, каб ісці аж да краёў зямлі і несці людзям, праз прапаведванне і малітву, святло Евангелля”, - напісаў Папа ў пасланні, якое скіраваў праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

Па словах Францішка, сведчанне аб каштоўнасцях жыцця і сацыяльнай адказнасці павінна знаходзіцца ў аснове будавання абноўленага грамадства. 

Свае прывітанні ўдзельнікам форума скіравалі таксама Канцлер Германіі Ангела Меркель, Мітрапаліт Германскі Аўгустын (Лабардакіс), старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі кардынал Рэйнхард Маркс і іншыя.

У кангрэсе “Renovabis” прымае ўдзел беларуская дэлегацыя, якую ўзначальвае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У яе склад ўваходзяць прадстаўнікі розных мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў: капуцынаў, салезіянаў, дамініканаў, назарэтанак, а таксама супрацоўнікі дабрачыннай каталіцкай арганізацыі “Caritas” і кіраўнікі некаторых беларускіх каталіцкіх СМІ.

Фонд “Renovabis” фінансава падтрымлівае рэалізацыю мноства душпастырскіх і адукацыйных праектаў у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дапамагае арганізацыям свецкіх католікаў і каталіцкім СМІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.