2016-08-30 14:56:00

Францішак благаславіць электрабус “Laudato”


Святы Айцец благаславіць электрабус “Laudato”. Гаворка ідзе пра стары дызельны аўтобус, які быў перароблены ў электрычны і цяпер выкарыстоўваецца італьянскай дабрачыннай асацыяцыяй “UNITALSI”, што займаецца арганізацыя пілігрымак для інвалідаў.

Назва электрабуса перагукаецца з назвай энцыклікі папы Францішка на тэму экалогіі “Laudato si’”. У Ватыкан ён прыедзе пасля доўгага падарожжа па паўночнай і цэнтральнай Італіі, папярэдне наведаўшы Бальцана, Верону, Рыміні, Гуальда-Тадзіна і Ларэта. Благаслаўленне абудзецца перад агульнай аўдыенцыяй 31 жніўня 2016 г. 

Старшыня аддзялення “UNITALSI” у Бальцана Энрыка Броканэла, распавёў, што да свайго “перараджэння” транспартны сродак не экслуатаваўся доўгі час па прычыне механічных няспраўнасцяў і вялікай колькасці шкодных выкідаў. Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі аднаго італьянскага стартапу, які займаецца электрычным транспартам, узнікла ідэя перарабіць яго ў электрабус. Аўтобус быў адрэмантаваны, а яго дызельны рухавік заменены на электрычны. 

“Перавозка няпоўнаспраўных з’яўляецца прыярытэтам для нашай асацыяцыі і мы паверылі ў гэты праект, каб зрабіць дадатковую паслугу, панізіўшы кошты і забруджванне асяроддзя”, - распавёў Броканэла.

Ён адзначыў таксама, што аўтары ініцыятывы пажадалі такім чынам адказаць на заклік Святога Айца, які ў энцыкліцы “Laudato si’” казаў пра “тэхніку, пастаўленую на службу больш чалавечаму, больш здароваму, больш сацыяльнаму і інтэгральнаму прагрэсу”.








All the contents on this site are copyrighted ©.