2016-08-29 11:17:00

Папа да ўдзельнікаў праваслаўна-каталіцкага сімпозіума


“Існаванне ў Еўропе вялікай колькасці людзей, якія нягледзячы на тое, што былі ахрышчаны, не ўсведамляюць атрыманага дару веры, не адчуваюць яго суцяшэння і не цалкам удзельнічаюць у жыцці хрысціянскай супольнасці, з’яўляецца выклікам для ўсіх Цэркваў, прысутных на кантыненце”, - адзначыў Францішак у пасланні з нагоды ХІV Міжхрысціянскага сімпозіума, які праходзіць 28-30 жніўня 2016 г. у грэчаскіх Салоніках.

Па словах Святога Айца, у “такой рэальнасці, як еўрапейская, дзе пастаянна слабее сувязь з хрысціянскімі каранямі, ясна ззяе патрэба ў новай евангелізацыйнай дзейнасці”.  

Гэта місія, паводле Пантыфіка, павінна падтрымлівацца глыбокім перакананнем у тым, што пасланне Хрыста заўсёды здольнае абнаўляць жыццё людзей і цэлых супольнасцяў і не старэе нават праходзячы праз “цёмныя эпохі і касцёльныя слабасці”.

Святы Айцец пажадаў, каб сімпозіум, “з дапамогай разважанняў, прапанаваных выбітнымі дакладчыкамі і дзякуючы шчыраму і сардэчнаму абмену думкамі паміж каталіцкімі і праваслаўнымі даследчыкамі”, мог умацаваць і вызначыць новыя шляхі, крэатыўныя метады і стыль прапаведвання, “адпаведныя для таго, каб абвяшчэнне Езуса Хрыста, ва ўсё сваёй прыгажосці, магло дасягнуць еўрапейскага чалавека”.

Францішак скіраваў сваё пасланне на імя кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, які прадстаўляе на форуме Апостальскую Сталіцы. 

Міжхрысціянскі сімпозіум з’яўляецца ініцыятывай Папскага універсітэта “Антоніанум” і факультэту праваслаўнай тэалогіі універсітэта “Арытотэлес” у Салоніках і праходзіць штогадова. Тэма сёлетняга пасяджэння “Патрэба ў рэевангелізацыі хрысціянскіх супольнасцяў у Еўропе”.








All the contents on this site are copyrighted ©.