2016-08-28 14:17:00

Папа: cёння Езус становіцца голасам тых, хто яго пазбаўлены


“Сёння Езус становіцца голасам тых, хто яго пазбаўлены, і звяртаецца да кожнага з нас з заклікам адкрыць свае сэрцы і зрабіць нашымі пакуты і клопаты бедных, галодных, адкінутых, уцекачоў, якім не пашчасціла ў жыцці,тых, што адкінутыя грамадствам і пыхай наймацнейшых”, - сказаў папа Францішак 28 жніўня 2016 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Святы Айцец выказаў ўдзячнасць добраахвотнікам, якія працуюць у сталоўках для самотных і бяздомных. “Урывак з сённяшняга Евангелля расказвае нам пра Езуса, які прыйшоў у дом аднаго з кіраўнікоў фарысеяў, назіраў, як госці, запрошаныя на абед выбіралі першыя месцы. Гэта сцэна, якую мы бачылі шмат разоў: калі многія імкнуцца ўзяць лепшае месца, распіхаючыся локцямі. Бачачы гэтую сцэну, Ён расказвае дзве кароткія прыпавесці, з якімі прапануе два ўказанні: адно тычыцца месца за сталом, другое тычыцца ўзнагароды.

Першае параўнанне тычыцца вясельнага банкету. Езус кажа: “ Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: Саступі яму месца “…. А калі цябе запросяць, прыйдзі і сядай на апошняе месца” (Лк 14, 8-9). Гэтымі рэкамендацыямі Езус не намерваецца даваць правілы паводзінаў, але даць ўрок пра каштоўнасць пакоры. Гісторыя вучыць, што пыха, кар'ерызм, ганарыстасць, хвальба  з'яўляюцца прычынай шматлікага зла. І Езус дае нам зразумець, што трэба выбіраць апошняе месца, быць сціплым і не паказвацца. Пакора. Калі мы станем перад Богам у гэтым вымярэнні пакоры, тады Бог нас узвышае, нахіляецца да нас, каб узняць нас да сябе; ”Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца” (Лк 14,11).

Словы Езуса падкрэсліваюць паводзіны, зусім розныя і супрацьлеглыя: паводзіны тых, хто выбірае ўласнае месца і паводзіны тых, хто пакідае яго дзеля вызначэння Богам, і чакаюць узнагароды ад Яго. Не забывайма пра гэта: Бог плаціць значна больш, чым людзі! Ён дае нам месца больш прыгожае, чым тое, што даюць нам людзі! Месца, якое дае нам Бог, блізка да Яго сэрца, і Яго ўзнагарода гэта вечнае жыццё. “І шчаслівы будзеш...бо адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых” (Лк 14,14).

Тое было апісана ў другой прыпавесці, у якой Езус паказвае на адсутнасць карыслівасці, характэрнай для гасціннасці, Ён кажа: “Калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе” (Лк 14,13-14). Справа ў тым, каб выбіраць неаплатную ўзнагароду, чым выгодныя для сябе рахункі, якія ідаюць атрымаць узнагароду, яшчэ больш узбагаціцца.Сапраўды, бедныя і простыя людзі, тыя, якіх прызнаюцца за нішто, ніколі не змогуць аднавіць запрашэнне на абед.Такім чынам, Езус паказвае сваю перавагу да бедных і адрынутых, якія з'яўляюцца ўпрывілеяванымі Валадарства Божага, і перадае пасланне Евангелля, якое наказвае служыць бліжняму дзеля любові да Бога. Сёння Езус становіцца голасам тых, хто яго пазбаўлены, і звяртаецца да кожнага з нас з заклікам адкрыць свае сэрцы і зрабіць нашымі пакуты і клопаты бедных, галодных, адкінутых, уцекачоў, якім не пашчасціла ў жыцці, тых, што адкінутыя грамадствам і пыхай наймацнейшых. А гэтыя адкінутыя з’яўляюцца пераважнай большасцю насельніцтва.

У гэты момант я з удзячнасцю думаю пра сталоўкі, у якіх шматлікія валанцёры выконваюць сваё служэнне, даючы ежу самотным асобам, тым, якія жывуць у нястачы, беспрацоўным або бяздомным. Гэтыя сталовыя з’яўляюцца трэніравачнымі месцамі міласэрнасці. Яны распаўсюджваюць культуру гасціннасці, таму што тыя, хто працуе ў іх, сталі поўныя любові да Бога і прасветленыя мудрасцю Евангелля. Такім чынам служэнне братам становіцца сведчаннем любові, якая робіць надзейнай і бачнай любоў Хрыста.

Папросім Панну Марыю, каб вяла нас кожны дзень па шляху пакоры, каб зрабіла нас здольнымі да бескарыслівага прыняцця і салідарнасці з адкінутымі асобамі, каб станавіліся мы годнымі боскай ўзнагароды”,- сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак сказаў, што 27-га жніўня 2016 г. у Сант’яга дэль Эстэро была паднесена да хвалы алстароў Марыя Антонія-дэ-Сан-Хасэ. “Каб яе ўзорнае хрысціянскае сведчанне, асабліва яе апостальства ў арганізацыі рэкалекцый, выклікалі імкненне да больш цеснай сувязі з Хрыстом і Евангеллем”, - сказаў Папа.

Святы Айцец таксама нагадаў, што ў чацвер, 1-га верасня 2016 г.мы будзем адзначаць Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, разам з “нашымі праваслаўнымі братамі і членамі іншых рэлігійных супольнасцей”. “Гэта будзе нагода ўзмацніць агульную прыхільнасць да абароны жыцця,у павазе да навакольнае асяроддзе і прыроды”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне Папа заклікаў вернікаў маліцца за яго і ўдзяліў сабраным на ватыканскай плошчы сваё благаслаўленне.

 

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.