2016-08-27 10:08:00

Пантыфік падзякаваў за салідарнасць з мігрантамі


Святы Айцец выказаў словы падтрымкі супольнасці паўночнаітальянскай дыяцэзіі Вентымілья-Сан-Рэма, якая стала месцам вымушанага прытулку для сотняў мігрантаў, жадаючых перайсці італа-французскую мяжу. Некалькі дзён таму Францішак атрымаў ліст ад мясцовага біскупа Антоніа Суэта, з якога даведаўся пра складаную сітуацыю, якая склалася ў рэгіёне.

Адказваючы на гэта пасланне, Папа запэўніў у духоўнай блізкасці ўсю дыяцэзію і тых, “хто спрабуе выйсці насустрач патрэбам людзей, што ўцякаюць ад вайны і насілля ў пошуку надзеі і мірнай будучыні”.

“Хачу Вам вельмі падзякаваць за намаганні, якія дыяцэзіяльная супольнасць прыкладае з вартай захаплення евангельскай любоўю, ставячы чалавечыя, лагістычныя і экаманічным рэсурсы на падтрымку гэтых нашых братоў і сясцёр, якія перажываюць бязмежную драму", - напісаў Папа.

"Заахвочваю Вас, святароў, кансэкраваных асобаў, душпастырскіх работнікаў і розныя касцёльныя аб’яднанні працягваць аказваць шчордую гасціннасць і салідарнасць, каб усё больш станавіцца “Касцёлам, які выходзіць”, радасным прапаведнікам Евангелля міласэрнасці і сведкам надзеі”, - дадаў Святы Айцец.

Дыяцэзія Вентымілья-Сан-Рэма мяжуе з Францыяй, якая начатку чэрвеня закрыла мігрантам уезд на сваю тэрыторыю. У выніку, лагер бежанцаў на італьянскім баку, разлічаны на 300 чалавек, вымушаны прымаць ў два разы больш людзей. Пры гэтым паток мігрантаў, жадаючых патрапіць у Францыю, не спыняецца.








All the contents on this site are copyrighted ©.