2016-08-26 11:46:00

Землятрус у Італіі: папскія пажарнікі выратавалі дзіця


Група ватыканскіх пажарнікаў, якая была накіравана на дапамогу ў пераадоленні наступстваў землятрусу ў цэнтральнай Італіі, выратавала з-пад руінаў трохгадовага хлопчыка. Нажаль, яго сям’я: бацька, маці і дзвесяцігадовая сястра, загінулі. Аб гэтым распавёў “L’Osservatore Romano” інжынер-геадэзіст ватыканскага пажарнага корпуса Арланда Лаціні. “Дзеці спалі ў адным пакоі. Неверагодна, што малыш здолеў выжыць”, - падзяліўся ратавальнік.

Паводле яго слоў, сітуацыя ў рэгіёне драматычная. “Тут нібыта прайшла вайна, або нават горш, бо вайна пакідае цэлымі прынамсі некаторыя дамы, а тут проста суцэльныя руіны”, - сказаў ён.  

Ватыканская пажарная група, якая складаецца з шасці чалавек, працавала ў мястэчку Касале, а затым была пераведзена ў Аматрычэ, якое найбольш пацярпела ад землятрусу. Яна задзейнічана ў пошуку выжыўшых і іх даставанні з-пад завалаў, разбіранні руінаў і транспартыроўцы цяжкіх абломкаў у бяспечныя месцы. 

Група прымала ўдзел у будаўніцтве намётавага мястэчка для пацярпеўшых. Паводле Арланда Лаціні, праца працягвалася да 3 гадзін ночы, а пасля кароткага адпачынку ў машыне, з першымі промнямі сонца, ратавальнікі зноў прыняліся да выканання сваёй місіі.

“Канешне, мы пакліканы таксама несці маральную падтрымку. Людзі шакаваныя. Тыя, хто вяртаецца да сваіх разбураных дамоў пачынаюць няспынна плакаць і мы намагаемся падтрымаць іх, прынамсі словамі суцяшэння”, - распавёў пажарнік. Ён адзначыў, што з Ватыкану было прывезена шмат ружанцаў і абразікаў, благаслаўленых Пантыфікам, якія праз мясцовых святароў раздаюцца ахвярам землятрусу.

Папскія пажарнікі не ў першы раз аказваюць дапамогу ў пераадоленні наступстваў землятрусаў у Італіі. Аналагічная падтрымка была прадстаўлена ў 2009 г., падчас землятрусу ў Аквіле.

25 жніўня папа Францішак накіраваў на месца бедства шэсць ватыканскіх жандармаў. Рыхтуюцца да адпраўкі таксама ватыканскія ўрачы, чакаючы ўказанняў італьянскай Грамадзянскай абароны. Корпус Папскай швейцарскай гвардыі арганізаваў збор крыві для пацярпелых.

На цяперашні час вядома пра 268 загінуўшых і 387 параненых. 238 чалавек дасталі з-пад завалаў жывымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.