2016-08-25 11:19:00

Францішак напісаў прадмову да біяграфіі Бэнэдыкта XVI


Касцёл мае "вялікі доўг удзячнасці перад Ёзэфам Ратцынгерам-Бэнэдыктам XVI за глыбіню і раўнавагу яго тэалагічнай думкі", якая заўсёды знаходзілася на службе Касцёлу, напісаў папа Францішак у прадмове да біяграфіі свайго папярэдніка на пасадзе Біскупа Рыма. Аўтарам кнігі, якая выйдзе пад назвай “Слуга Бога і чалавецтва”, з’яўляецца італьянскі тэолаг і пісьменнік Эліа Гуэрьера.

Францішак падкрэсліў, што ўклад веры і культуры Бэнэдыкта XVI у навучанне Касцёла здольны “адказаць на чаканні нашага часу” і “асабліва цягам апошніх трох дзесяцігоддзяў, быў фундаментальным”. “Адвага і рашучасць” Папы на пенсіі перад абліччам цяжкіх сітуацыі, указала, як на іх трэба адказваць: “з пакорай і праўдай, у духу абнаўлення і ачышчэння”. “У гэтыя першыя гады майго пантыфікату, мая духоўная лучнасць з ім застаецца асабліва глыбокай”, - прызнаўся Францішак.

Па словах Пантыфіка, “ціхая прысутнасць” і малітва Бэнэдыкта XVI за Касцёл з’яўляецца “падтрымкай і пастаянным умацаваннем” для яго служэння. Ён нагадаў, як падчас развітання з кардыналамі, 28 лютага 2013 г. Бэнэдыкт XVI паабяцаў сваю “безумоўную пашану і паслухмянасць” будучаму Папе.

“Тады я не мог ведаць, што гэтыя словы скіраваны да мяне. Але падчас усіх сустрэч з ім я мог адчуць не толькі яго пашану і паслухмянасць, але таксама сардэчную духоўную блізкасць, радасць супольнай малітвы, шчырае братэрства, разуменне і сяброўства, а таксама гатоўнасць дапамагчы парадай”, - заўважыў Святы Айцец. 

“Я быў вельмі ўдзячны Бэнэдыкту XVI за тое, што ён пажадаў прыняць удзел у адкрыцці Юбілею Міласэрнасці і прайшоў праз Святыя Дзяверы адразу пасля мяне. Яго нядаўнія выказванні, у якіх ён назваў “знакамі часу” тое, што “ідэя аб Божай міласэрнасці становіцца ўсё больш цэнтральнай і дамінуючай” і што “сучасны чалавек знаходзіцца ў чаканні міласэрнасці”, яшчэ раз і больш яскрава дэманструе наколькі міласэрная любоў Бога з’яўляецца аб’ядноўваючай ніццю апошніх пантыфікатаў, самым тэрміновым пасланнем, якое Касцёл, што выходзіць, нясе аж на перыферыі свету, пазначанага канфліктамі, несправядлівасцямі і пагардай да людзей”, - напісаў Папа.

30 жніўня 2016 г. новая біяграфія Бэнэдыкта XVI з прадмовай папы Францішка з’явіцца на паліцах італьянскіх кнігарняў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.