
Бэнэтыкт XVI даў інтэрв’ю італьянскай газеце “La Repubblica” у якім распавёў аб прычынах свайго адмаўлення ад пасады Біскупа Рыма, а таксама пра сардэчныя і сяброўскія адносіны з Францішкам.
Па словах Папы на пенсіі, нягледзячы на жаданне “давесці да канца Год веры” і закончыць чарговую энцыкліку, ён адчуваў сябе вельмі стомленым. Акрамя таго былі запланаваны Сусветныя дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра, на якіх, “паводле ўстаноўкі Яна Паўла ІІ, фізічная прысутнасць Папы была неад’емнай” .
“Пасля падарожжа ў Мексіку і на Кубу, я больш не адчуваў сябе ў стане здзейсніць настолькі складанае падарожжа”, - прызнаўся Папа і дадаў, што менавіта тады, у сакавіку 2012 г., моцна адчуў абмежаванасць сваіх фізічных сіл.
“Перш за ўсё, я зразумеў, што больш не ў стане пераносіць трансатлантычныя пералёты па прычыне змены часавых паясоў. Канешне, я размаўляў аб гэтых праблемах з маім урачом, прафесарам Патрыцыё Паліска. Такім чынам станавілася ясна, што я больш не буду ў стане браць удзел у Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра летам 2013 г., бо гэтаму перашкаджала праблема часовых паясоў. Ад таго часу я павінен быў у адносна кароткі тэрмін прыняць рашэнне аб даце майго сыходу”, - распавёў Бэнэтыкт XVI.
Папа на пенсіі быў упэўнены, што без яго прысутнасці “Год веры пройдзе добра”. “Я меў моцнае перакананне, што мой наступнік, як і адбылося пазней, зможа аднолькава добра давесці да канца пажаданую Панам ініцыятыву, якую пачаў я”, - сказаў ён.
Каментуючы выбар кляштару “Mater Ecclesiae” у якасці сваёй рэзідэнцыі, Бэнэдыкт XVI спаслаўся на жаданне Яна Паўла ІІ, паводле якога гэта месца павінна было быць месцам малітвы, “як крыніца жывой вады ў Ватыкане”. Таму ў ім па чарзе пражывалі прадстаўніцы розных кляўзуровых жаночых манаскіх супольнасцяў. У 2012 г. законніцы пакінулі кляштар па прычыне яго рамонту. Тады Бэнэдыкт XVI вырашыў заняць іх месца і адсюль працягваць служыць Касцёлу малітвай.
Папа на пенсіі распавёў, што акрамя падтрымкі якую адчуваў ад Езуса, Маці Божай і святых спадарожнікаў яго жыцця – св. Аўгыстына, св. Банавентуры, св. Бэнэдыкта і св. Францішка – была вельмі важнай падтрымка людзей, ад якіх ён атрымліваў вялікае мноства лістоў з добрымі словамі і абяцаннямі малітвы.
Гаворачы пра адносіны з Францішкам, Бэнэдыкт XVI заўважыў, што яго паслухмянасць “ніколі не ставілася пад пытанне”. Акрамя гэтага іх злучае моцнае сяброўства. “У момант яго выбрання, як і многія іншыя, я адчуў спантаннае пачуццё ўдзячнасці да Божага Провіду. Пасля двух Пантыфікаў з Цэнтральнай Еўропы, Пан, калі так можна сказаць, скіраваў позірк на Паўсюдны Касцёл і заклікаў нас да больш шырокай еднасці, больш каталіцкай”, - сказаў ён.
Бэнэдыкт XVI назваў асабістыя адносіны з Францішкам “бацькоўска-братэрскімі”. Цяперашні Папа часта дасылае яму маленькія падарункі, асабістыя лісты і наведвае перад падарожжамі. “Тое, што ён кажа аб адкрытасці на іншых людзей, гэта не толькі словы. Ён іх спаўняе на практыцы ў адносінах да мяне. Няхай Пан дазволіць яму кожны дзень адчуваць сваю дабразычлівасць. Аб гэтым я малю Пана для яго”, - прызнаўся Папа на пенсіі.
Бэнэдыкт XVI закончыў служэнне на пасадзе Біскупа Рыма 28 лютага 2013 г. Папа Францішак стаў яго наступнікам 13 сакавіка 2013 г.
| All the contents on this site are copyrighted ©. |