2016-08-23 16:14:00

Юбілей Міласэрнасці: 14 млн. пілігрымаў наведалі Рым


З пачатку весны 2016 г. значна павялічылася колькасць пілігрымаў, якія наведалі Рым з нагоды Юбілею Міласэрнасці. Паводле інфармацыі Ватыканскага статыстычнага бюро, у рамках Святога Года ў Вечны горад прыбылі 14 202 277 вернікаў. Напрыканцы красавіка гэта лічба складала каля 5 млн. чалавек.

З улікам таго факту, што колькасць пілігрымаў пастаянна павялічваецца, цалкам магчыма, што да заканчэння Года Міласэрнасці спраўдзяцца папярэднія прагнозы і Рым наведае каля 30 млн. чалавек. У звычайныя перыяды ў Вечны горад штогадова прыбывае каля 8-9 млн. гасцей з усяго свету.

Сёлета ў італьянскай сталіцы былі ўведзены больш сур’ёзныя меры бяспекі, якія дапамагаюць пілігрымам адчуць сябе абароненымі падчас мерапрыемстваў Юбілею.

Год Міласэрнасці праходзіць з 8 снежня 2015 г. па 20 лістапада 2016 г. Паводле жадання Пантыфіка, на час яго правядзення Святыя Дзверы былі адкрыты не толькі ў чатырох папскіх базыліках Рыма – як гэта адбывалася пры святкаванні Юбілеяў раней – але ва ўсіх дыяцэзіях свету. 

Гэтым жэстам Францішак пажадаў прадэманстраваць, што міласэрнасць Бога бязмежная і сустрэцца з ёй можа кожны чалавек. Праходжанне праз Святыя Дзверы з’яўляецца адным з асноўных паломніцкіх абрадаў падчас Святога Года і звязана з атрыманнем адпуста.








All the contents on this site are copyrighted ©.