2016-08-21 12:21:00

Святы Айцец: жыццё – не відэагульня і не серыял


Калі ёсць кантакт з Божай любоўю і міласэрнасцю – ёсць сапраўдная перамена і наша жыццё становіцца асветленым непагасным святлом Святога Духа, сказаў папа Францішак 21 жніўня 2016 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 

“Сённяшняя старонка Евангелля запрашае нас паразважаць над тэмай збаўлення, – адзначыў Пантыфік. – Евангеліст Лука апавядае, што Езус накіроўваўся ў Ерузалем і на шляху да яго падышоў нехта і спытаў: “Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?”. Езус не даў прамога адказу, але перанёс размову на іншы ўзровень, з дапамогай уражваючых словаў, якія на пачатку не зразумелі нават вучні: “Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць”. Праз вобраз брамы Ён хоча паказаць сваім слухачам, што гэта не пытанне колькасці, не важна ведаць колькі будзе збаўлена, а важна, каб усе ведалі, якім з’яўляецца шлях, што вядзе да збаўлення. 

Гэты шлях прадугледжвае праход праз браму. Але дзе брама? Якая яна? Хто з’яўляецца гэтай брамай? Гэта брама – сам Езус. Ён вядзе нас да адзінства з Айцом, дзе знойдзем любоў, разуменне і абарону. Але чаму гэтая брама вузкая? Яна такая не таму, што цесная, але таму што патрабуе ад нас абмежаваць і ўтаймаваць нашу пыху і наш страх, каб з пакорным і поўным даверу сэрцам адкрыцца Яму, прызнаючы сябе грэшнікамі, патрабуючымі Ягонага прабачэння. Брама Божай міласэрнасці заўсёды адчынена для ўсіх! Бог не робіць перавагаў, але заўсёды прымае ўсіх, не выбіраючы. Збаўленне, якое Ён дорыць, гэта няспынны паток міласэрнасці, які знішчае ўсе бар’еры і адкрывае ўражваючыя перспектывы святла і спакою. Гэта брама вузкая, але заўсёды адчыненая!

Сёння Езус яшчэ раз настойліва заклікае нас пайсці да Яго, перакрочыць браму поўнага, прыміранага і шчаслівага жыцця. Ён чакае кожнага з нас, якія б грахі мы не ўчынілі, каб абняць нас, каб падарыць нам сваё прабачэнне. Толькі Ён можа змяніць наша сэрца. Толькі Ён можа даць поўны сэнс нашаму існаванню, дорачы нам сапраўдную радасць. Уваходзячы праз браму Езуса, браму веры і Евангелля, мы можам выйсці з марных схемаў паводзінаў, дрэнных звычак, эгаізму і закрытасці. Калі ёсць кантакт з Божай любоўю і міласэрнасцю – ёсць сапраўдная перамена і наша жыццё становіцца асветленым святлом Святога Духа: непагасным святлом!

Пан дае нам мноства магчымасцяў, каб збавіцца і ўвайсці праз браму збаўлення. Гэта брама з’яўляецца магчымасцю, якую нельга змарнаваць: мы не павінны рабіць навуковых дакладаў аб збаўленні – як той, хто звярнуўся да Езуса – але павінны прыняць магчымасці для збаўлення, бо ў пэўны момант “гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы”, як кажа нам Евангелле. Але калі Бог добры і любіць нас, чаму зачыніць дзверы? Таму што наша жыццё – гэта не відэагульня і не серыял; наша жыццё – гэта сур’ёзна і мэта, якой трэба дасягнуць, важная: вечнае збаўленне.

У Панны Марыі, Брамы нябеснай, папросім дапамагчы нам выкарыстаць магчымасці, якія Бог нам дае, каб прайсці праз браму веры і выйсці такім чынам на шырокую дарогу: гэта дарога збаўлення здольная прыняць усіх, хто дазваляе любові ахапіць сябе. Гэта любоў збаўляе, любоў, якая ўжо на зямлі з’яўляецца крыніцай благаслаўленняў для тых, хто ў пакоры, цярплівасці і справядлівасці, забывае пра сябе і прыносіць сябе ў дар іншым, асабліва самым слабым”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак заклікаў вернікаў маліцца за яго і ўдзяліў сабраным на ватыканскай плошчы сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.