2016-08-19 12:25:00

Святы Айцец: на катаклізмы адказаць адзінствам


Шматлікія катаклізмы, нямоглымі сведкамі якіх мы часта становімся, на самой справе з’яўляюцца таямнічым заклікам да адшукання фундаментаў адзінства паміж людзьмі, гаворыцца ў пасланні, якое кардынал Дзяржасакратар Пьетра Паралін 19 жніўня 2016 г. даслаў ад імя Папы ўдзельнікам Сустрэчы на карысць сяброўства паміж народамі.  

У лісце адзначаецца, што “спакуса закрытасці ў вузкіх гарызонтах уласных інтарэсаў”, вядзе да разглядання іншых людзей, як залішніх, ці яшчэ горш непрыемных і шкодных". Індывідуалізм “аддаляе ад людзей, падкрэсліваючы толькі іх абмежаванасці і недахопы, аслабляючы жаданне і здольнасць грамадства ў якім кожны можа быць свабодным і шчаслівым ў кампаніі іншых з багаццем сваіх адметнасцяў”. 

“Перад абліччам пагрозаў міру і бяспецы народаў і краін, мы пакліканы усвядоміць, што перш за ўсё экзістэнцыяльная трывога прымушае нас баяцца іншага, нібыта ён з’яўляецца нашым праціўнікам, што парушае нашу жыццёвую прастору і пераходзіць межы, якія мы пабудавалі”, - гаворыцца ў пасланні.

Па словах кардынала Параліна, высокамернае спадзяванне на самастойнае збаўленне ўласнымі сіламі знаходзіцца ў аснове ўсіх канфліктаў паміж людзьмі. “Па прыкладзе Пана Езуса хрысціянін заўсёды кіруецца адкрытасцю на іншага, кім мы ён не быў, бо нікога не разглядае як незваротна згубленага. Евангелле дае нам яскравы прыклад такіх паводзін: блудны сын, які пасвіць свінняў і айцец, які кожны вечар выходзіць на балкон, каб убачыць ці той вернецца дадому і спадзяецца, нягледзячы ні на што. Як бы змяніўся наш свет, калі б гэта бязмерная надзея стала прызмай, праз якую людзі б глядзелі адно на аднаго?”, - дадаў ён.

У лісце падкрэсліваецца, што заданне хрысціян у кантэксце сучасных катаклізмаў заключаецца ў спрыянні дыялогу і абвяшчэнні Евангелля, “якое сёння, як ніколі павінна перамяняцца ў выйсце насустрач ранам людзей, нясенне ім моцнай і простай прысутнасці Езуса, Яго суцяшаючай і падбадзёрваючай міласэрнасці”.

Неабходна “асабістае крэатыўнае сведчання, з усведамленнем таго, што не сіла інструментаў прываблівае, захоплівае і вырывае з кайданаў, але пяшчотная пакорнасць міласэрнай любові Айца, што кожны можа дасягнуць крыніцы ласкі, якую Бог вылівае праз сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыі і споведзі, каб затым даваць іх братам”. 

Сустрэча на карысць сяброўства паміж народамі праходзіць у італьянскім Рыміні 19-25 жніўня 2016 г. на тэму “Ты – дабро для мяне”. У яе рамках пройдуць шматлікія канферэнцыі, выставы, канцэрты і дыскусіі на тэму міру паміж рознымі культурамі і рэлігіямі. Мерапрыемства праводзіцца штогадова з 1980 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.