2016-08-18 10:36:00

Прэфект новай ватыканскай дыкастэрыі: прагну пачаць працу


Прэфект новастворанай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця прагне як мага хутчэй прыступіць да выканання сваіх абавязкаў. 17 жніўня 2016 г. папа Францішак прызначыў на гэту пасаду 68-гадовага амерыканскага біскупа ірландскага паходжання Кэвіна Джозэфа Фарэла, які да гэтага быў пастырам Даласкай дыяцэзіі ў ЗША. 

“Для мяне вялікі гонар, што Святы Айцец паклікаў мяне да выканання такой важнай працы. Я заўсёды бачыў сябе біскупам, што працуе ў дыяцэзіі служачы людзям, але калі цябе кліча Святы Айцец і просіць зрабіць нешта накшталт гэтага, нельга не застацца адначасова ўражаным і ўшанаваным. Я не магу дачакацца пачатку працы”, - прызнаўся новапрызначаны іерарх у каментары для Ватыканскага радыё.

Па словах біскупа Фарэла, кіраванне Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця з’яўляецца вялікім выклікам. Ён запэўніў, што Апостальская адгартацыя Святога Айца “Amoris Laetitia” будзе праграмай яго дзеянняў. Акрамя таго іерарх падкрэсліў, што будзе спрыяць апостальству свецкіх вернікаў і заняццю імі належнага месца ў Касцёле.

Прэфект новастворанай структуры прызнаўся, што чакае магчымасці сустрэчы са сваім родным братам, які таксама працуе ў Ватыкане – Браянам Фарэлам, сакратаром Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. “Мы з’яўляемся святарамі на працягу многіх гадоў, але ніколі не працавалі ў адным горадзе. Такім чынам, гэта будзе выключны выпадак”, - сказаў ён.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця была заснавана Пантыфікам 15 жніўня 2016 г. Праз два дні пасля гэтага быў апублікаваны адпаведны ліст Святога Айца ў форме “Motu proprio”. З 1 верасня гэтай структуры будуць перададзены абавязкі і функцыі, якія дагэтуль належалі да Папскай рады па справах свецкіх і Папскай рады па справах сям’і з спыненнем існавання вышэйзгаданых Папскіх радаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.