2016-08-18 07:57:00

Прэзідэнт Францыі падзякаваў Пантыфіку за словы падтрымкі


Прэзідэнт Францыі выказаў удзячнасць Пантыфіку за падтрымку свайго народу перад абліччам тэрарыстычных нападаў. 17 жніўня 2016 г. Франсуа Аланд наведаў Ватыкан. Яго суправаджалі: міністр унутраных спраў Бернар Казнёў, пасол пры Апостальскай Сталіцы Філіп Цэлер і іншыя асобы. Прыватная размова французскага лідэра з Папам працягвалася каля 40 хвілін. 

На заканчэнне аўдыенцыі адбыўся абмен падарункамі. Франсуа Аланд падарыў Святому Айцу фарфоравы посуд з гербам Францыі вытворчасці знакамітай Сеўрскай мануфактуры, а Францішак – бронзавы медальён з біблійнымі словамі прарока Ісаі аб пустыннай зямлі, якая стане садам і экзэмпляры трох сваіх дакументаў: энцыклік “Lumen Fidei” і “Laudato si'”, а таксама Апостальскай адгартацыі “Amoris Laetitia”.

Перад сваім ватыканскім візітам Франсуа Аланд наведаў французскі касцёл св. Людовіка ў Рыме, каб там аддаць пашану ахвярам тэрарызму. У кароткім каментары для журналістаў ён распавёў, што словы Пантыфіка і французскіх біскупаў, пасля нядаўніх тэрактаў у Руане і Ніцы, былі вельмі важнымі для аб’яднання народу Францыі перад абліччам тэрарыстычных нападаў. Забойства тэрарыстамі каталіцкага святара кс. Жака Амеля палітык назваў ударам не толькі па Касцёле, але і па дзяржаве, якая павінна бараніць людзей.

Аланд таксама заўважыў, што хацеў паразмаўляць з Папам пра праблемы блізкаўсходніх хрысціян, якім Францыя традыцыйна аказвае падтрымку, аб вырашэнні крызісу ў гэтым рэгіёне і сітуацыі мігрантаў.

Гаворка ідзе пра ўжо другую сустрэчу Папы з французскім лідэрам – першы раз Францішак прымаў яго на аўдыенцыі ў студзені 2014 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.