2016-08-17 15:10:00

Святы Айцец прыняў Прэзідэнта Францыі


Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда. Візіт адбыўся раніцай 17 жніўня 2016 г. і насіў прыватны характар. Гаворка ідзе пра ўжо другую сустрэчу Папы з французскім лідэрам – першы раз Францішак прымаў яго на аўдыенцыі ў студзені 2014 г. 

Цяперашні візіт Франсуа Аланда праходзіў на фоне нядаўніх трагічных падзей у Францыі. Адной з іх стала забойства тэрарыстамі кс. Жака Амеля з Руанскай архідыяцэзіі 26 ліпеня 2016 г. Праз некалькі гадзін пасля злачынства Аланд патэлефанаваў да Папы, каб выказаць боль французскага народа пасля гэтага жудаснага забойства. Ён запэўніў, што будзе гарантавана бяспека ў храмах і іншых месцах адпраўлення культу.

Акрамя таго са студзеня 2015 г. па май 2016 г. доўжылася складаная дыпламатычная сітуацыя, звязаная з прызначэннем французскага пасла пры Апостальскай Сталіцы. Гэта пасада заставалася вакантнай паўтара года пасля таго, як, па пратакольных прычынах, прапанаваная на яе Аландам кандыдатура Ларана Стэфаніні не была зацверджана Святым Пасадам. У выніку Прэзідэнт, адмовіўся ад кандыдатуры Стэфаніні, прызначыўшы яго прадстаўніком у ЮНЕСКА. Новым паслом пры Святым Пасадзе стаў Філіп Цэлер.








All the contents on this site are copyrighted ©.