2016-08-13 13:00:00

Святы Пасад: каталіцка-мусульманскі дыялог прыпыняць нельга


Святы Пасад падкрэсліў важнасць міжрэлігійнага дыялогу перад абліччам тэрарыстычных актаў. “Вядома, такія злачынныя дзеянні ставяць пад пагрозу давер да міжрэлігійнага дыялогу, але мы павінны працягваць сустракацца, працаваць разам і размаўляць, каб вырашыць, што рабіць, каб нянавісць не пераважала”, - напісаў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Жан-Луі Таран у артыкуле для ватыканскай “L’Osservatore Romano”.

Французскі іерарх спасылаецца ў сваім тэксце, між іншым, на забойства каталіцкага святара Жака Амеля ў Францыі ў канцы ліпеня. Тэрарысты “Ісламскай дзяржавы” пацвердзілі дачыненне да яго.

Пагардлівае забойства духоўных асоб, у намеры тэрарыстаў, лічыць кардынал Таран, павінна паказаць немагчымасць мірнага суіснавання мусульман і хрысціян. Адказам на гэта павінна быць актыўнае супрацоўніцтва ў імя Бога для гармоніі і ўзаемнага даверу. “Няведанне нараджае страх”, папярэдзіў ватыканскі іерарх у сваім артыкуле і назваў дыялог “найбольш эфектыўным сродкам супраць рэлятывізму”.

Для кардынала Тарана тым, хто асабліва моцна ўказаў на неабходнасць іслама-хрысціянскага дыялогу, быў Бэнэдыкт XVI. Але ўжо яго папярэднік, св. Ян Павел II падкрэсліваў падабенствы паміж гэтымі двума рэлігіямі. І Францішак пастаянна нагадвае пра неабходнасць “братэрскага суіснавання” паміж мусульманамі і хрысціянамі.

Папская рада па міжрэлігійным дыялогу вядзе інтэнсіўную працу, шукаючы кантактаў з мусульманскім светам. Адным з асноўных дасягненняў у гэтым напрамку стаў пачатак працэсу аднаўлення дыялогу з універсітэтам аль-Азхар у Каіры, адным з асноўных інтэлектуальных цэнтраў шыіцкага ісламу.

Дыялог Апостальскай Сталіцы і ўніверсітэта быў прыпынены ў 2011 г. Прычынай стала заява Бэнэдыкта XVI аб неабходнасці бараніць егіпецкіх хрысціян, зробленая Святым Айцом услед за навінамі аб нападзе мусульманскіх экстрэмістаў на копцкую царкву. Першым крокам да вяртання да дыялогу стала сустрэча 23 мая 2016 г. папы Францішка з кіраўніком універсітэта аль-Азхар, імамам Ахмедам эль-Таэбам.








All the contents on this site are copyrighted ©.