2016-08-12 13:11:00

Прысутнасць рэлігіі на Алімпійскіх гульнях у Рыа


Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанейра з’яўляецца сведчаннем прызнання месца рэлігіі ў спорце, лічыць кс. Мельхіёр Санчэс дэ Тока і-Аламеда, падсакратар Папскай рады па культуры, якая адказвае з боку Святога Пасаду за спорт. У якасці ватыканскага дэлегата на гэты сусветны спартыўны форум ён прыняў удзел у яго адкрыцці. 

Святы Пасад не мае ўласнага Нацыянальнага алімпійскага камітэту, аднак, быў афіцыйна запрошаны ў Рыа ў якасці ганаровага госця.

Пасля вяртання ў Ватыкан, святар падзяліўся ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё сваімі ўражаннямі ад бягучых Алімпійскіх гульняў. На яго думку, свет спорту ўсё больш і больш набліжаецца да рэлігіі ў тым сэнсе, што ўлічвае яе ролю ў жыцці асобных спартсменаў.

“З Алімпійскіх гульняў у Лондане ў 2012 г. мы бачым як расце цікавасць да веры і рэлігіі ў свеце спорту. На гэта асабліва звярнулі ўвагу Паралімпійскія гульні ў Лондане, дзе рэлігійнае вымярэнне прысутнічала ўжо вельмі выразным чынам”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Ён адзначыў, што ў Алімпійскай вёсцы ў Рыа ёсць “адмысловая прастора для рэлігіі, у міжрэлігійным вымярэнні”. Кіруе гэтым каталіцкі святар з мясцовай архідыяцэзіі. Ватыканскі дэлегат растлумачыў, што гэта размешчаныя побач з сабой месцы малітвы, на ўзор некаторых аэрапортаў. 

“Усё гэта адбываецца таму, што вера з’яўляецца адным з важных аспектаў жыцця спартсменаў, які, магчыма, у мінулым быў схаваны або абмежаваны да выключна асабістага жыцця. Зараз, наадварот, выяўляецца публічна цалкам натуральным чынам”, - сказаў кс. Мельхіёр Санчэс дэ Тока і-Аламеда.








All the contents on this site are copyrighted ©.