2016-08-12 11:56:00

Папа моліцца за памерлага паўночнаірландскага біскупа


Францішак быў глыбока засмучаны навіной пра смерць біскупа Эдварда Кэвіна Дэйлі – сімвалічнай постаці часоў паўночнагаірландскага канфлікту. Іерарх адышоў у вечнасць 8 жніўня 2016 г. у 82-гадовым узросце пасля працяглай хваробы. Яго пахаванне адбылося 11 жніўня 2016 г. у катэдральным касцёле св. Яўгена ў Дэры. На пачатку развітальнай літургіі прадстаўнік Апостальскай нунцыятуры ў Ірландыі зачытаў спецыяльнае пасланне Пантыфіка.

Святы Айцец выказаў сардэчныя спачуванні сваякам памерлага, а таксама духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам дыяцэзіі Дэры, пастырам якой іерарх з’яўляўся ў 1974-1994 гг. Памятаючы пра яго “шчырае і адданае біскупскае служэнне на карысць міру і справядлівасці”, Папа запэўніў у малітве падзякі за жыццё памерлага і даверыў яго душу міласэрнай любові Нябеснага Айца. “Усім, хто смуткуе з прычыны смерці біскупа Дэйлі”, Францішак удзяляе “Апостальскае благаслаўленне, у якасці закладу надзеі і суцяшэння Нашага Пана Езуса Хрыста”, гаворыцца ў спецыяльным лісце.

Біскуп Эдвард Дэйлі стаў адным з сімвалаў так званай “Крывавай нядзелі” ў Дэры, калі ў 1972 г. англійскія дэсантнікі расстралялі 14 мірных дэманстрантаў, уключаючы непаўналетніх і святара. Увесь свет тады абляцелі кадры, на якіх біскуп Дэйлі – у той час пробашч мясцовай катэдры – бег з белай акрываўленай хусткай, закрываючы сабой групу дэмантрантаў, якія неслі параненага.

Падчас пахавальнай св. Імшы біскуп Дональд Маккеаўн узгадаў памерлага як “узорнага святара на службе Богу і людзям, які імкнуўся прапаведаваць Евангелле міру ў складаныя часы і быў заўсёды адкрыты для іншых”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.