2016-08-10 11:44:00

Пантыфік: шлях міласэрнасці – ад сэрца да рук


Сустрэча міласэрнасці Бога з пакутамі чалавецтва была тэмай катэхезы Святога Айца 10 жніўня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваім разважанні Францішак спаслаўся на евангельскі ўрывак пра ўваскрашэнне Езусам сына ўдавы з Наіна (Лк 7,12-16).

“Сэрцам гэтага апавядання з’яўляецца не цуд, але спагада Езуса да маці гэтага юнака. Міласэрнасць тут набывае імя спачування да жанчыны, якая згубіла мужа і зараз суправаджае на могілкі свайго адзінага сына. Гэты вялікі боль маці ўзрушвае Езуса і правакуе Яго на здзяйсненне цуду ўваскрашэння”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што менавіта міласэрнасць і спагада да жанчыны падштурхнулі Хрыста да такога надзвычайнага жэсту. “Убачыўшы жанчыну, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: “Не плач!” І, падышоўшы, дакрануўся да насілак”. Вялікае спачуванне кіруе ўчынкамі Езуса: Ён спыніў працэсію, дакрануўшыся да насілак, і, кіруючыся глыбокай міласэрнасцю да гэтай маці, вырашыў паўстаць супраць смерці, калі так можна сказаць, тварам у твар. Затым ён канчаткова паўстане супраць яе на крыжы”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заклікаў вернікаў памятаць пра ўваскрашэнне Хрыстом юнака з Наіну, калі будуць праходзіць праз Святыя дзверы, несучы з сабой уласныя радасці і пакуты, задумы і няўдачы, сумнівы і страхі.

“Гэта дзверы сустрэчы паміж пакутамі чалавецтва і спачуваннем Езуса. Падумаем пра гэта: сустрэча паміж пакутамі чалавецтва і спачуваннем Езуса. Перакрочыўшы іх парог мы здзяйсняем пілігрымку ўнутр міласэрнасці Бога, Які, як памерламу юнаку, паўтарае ўсім: “Кажу табе, устань!”. Кожнаму з нас кажа: “Устань!”. Бог хоча, каб мы стаялі на нагах. Ён стварыў нас для гэтага. (...) Праходзячы праз Святыя дзверы, будзем спрабаваць пачуць у нашым сэрцы гэтае слова: “Устань!”. Моцнае слова Езуса можа дапамагчы нам ўзняцца і ажыццявіць пераход ад смерці да жыцця. Яго слова ажыўляе нас, дорыць надзею, падбадзёрвае стомленыя сэрцы, адкрывае на такое бачанне свету і жыцця, якое сягае далей за пакуты і смерць. На Святых дзвярах для кожнага з нас выгравіраваны невычэрпны скарб Божай міласэрнасці!”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак пажадаў вернікам, каб сустрэча з міласэрнасцю Пана, якая вядзе да збаўлення і дае новае жыццё, падштурхоўвала да ўчынкаў міласэрнасці. “Міласэрнасць – гэта шлях, пракладзены ад сэрца да рук!”, - сказаў Пантыфік.

Вітаючы вернікаў, Францішак звярнуў увагу на актуальнасць вучэння св. Дамініка, успамін якога Касцёл адзначаў два дні таму. Заснаваны ім Ордэн прапаведнікаў адзначае сёлета 800-годдзе з дня зацвярджэння. “Няхай мудрыя словы вялікага святога стымулююць вас, маладыя людзі, слухаць і жыць вучэннем Езуса, няхай яго ўнутраная сіла духа падтрымлівае вас, дарагія хворыя, у хвіліны смутку, а яго апостальская адданасць нагадвае вам, маладыя сужонкі, пра важнасць хрысціянскага выхавання ў вашай сям’і”, - пажадаў Папа.

У агульнай аўдыенцыі прынялі ўдзел каля 9 тыс. чалавек. Па прычыне спякотнага надвор’я, яна праходзіла не на плошчы св. Пятра, а ў ватыканскай Зале Паўла VI.








All the contents on this site are copyrighted ©.