2016-08-10 15:02:00

Былыя студэнты Бэнэдыкта XVI правядуць традыцыйную сустрэчу


У Кастэль Гандольфа блізу Рыма сустрэнуцца ўдзельнікі “Кола вучняў Ратцынгера” – аб’яднання паплечнікаў і былых студэнтаў прафесара Ёзэфа Ратцынгера, сённяшняга Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI. Сёлетняя сустрэча прысвечана сучаснасці і будучыні Еўропы. 

Асноўнымі дакладчыкамі падчас трохдзённага сходу, які пачнецца 25 жніўня 2016 г., будуць арцыбіскуп Зальцбургскі на пенсіі Эган Капэляры і рэктар “Istituto Universitario Europeo” у Фларэнцыі, прафесар Ёзэф Вейлер. Абодва разгледзяць еўрапейскую тэматыку з розных аспектаў.

Удзельнікі “Кола вучняў Ратцынгера” сустракаюцца рэгулярна з 1977 г. У яго ўваходзяць тыя, хто пад кіраўніцтвам cённяшняга Папы на пенсіі пісалі доктарскія дысертацыі або былі яго асістэнтамі і памочнікамі. Перш чым кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, тэолагі сустракаліся раз у месяц. Зараз семінары праводзяцца раз у год. Пасля таго, як Бэнэдыкт XVI адмовіўся ад пасады Біскупа Рыма, ён перастаў прымаць у іх удзел. Ён толькі цэлебруе Эўхарыстыю са сваімі былымі вучнямі і знаёміцца з вынікамі іх тэалагічных разважанняў.

У мінулым годзе ў сваёй гаміліі падчас такой Эўхарыстыі Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на важнасць унутранага ачышчэння чалавека. Неабходна адказаць “унутранай гігіенай” на шматлікія “хваробы і эпідэміі”, якія пагражаюць нашаму сэрцу, сказаў ён. Паводле Папы на пенсіі, ачышчальную сілу мае, перш за ўсё, Божае слова, у якім чалавек сустракаецца з самім Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.