2016-08-09 12:34:00

Францішак моліцца за ахвяр шторму ў Мексіцы


Пасля моцнага шторму ў Мексіцы, смяротнымі ахвярамі якога, паводле паведамленняў СМІ, сталі па меншай меры 45 чалавек, папа Францішак засведчыў сваё спачуванне і салідарнасць. Ён моліцца за загінулых і выказвае сваю блізкасць іх сем’ям і пацярпелым, гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна да мексіканскага епіскапату. Пантыфік просіць ў Бога сіл для ўрада і народа, і выказвае надзею на міжнародную салідарнасць.

Шторм, які абрынуўся на ўсход краіны, прывёў да шматлікіх апоўзняў і паводак. Пад пластом гразі і зямлі знаходзяцца жылыя дамы, у якіх могуць быць людзі. Дакладная колькасць зніклых без вестак пакуль не вядома. Часцей за ўсё гінулі жыхары аддаленых раёнаў краіны, калі іх дамы накрывалі патокі вады і зямлі. Сярод ахвяр шмат дзяцей. Улады краіны разгарнулі шырокую выратавальную аперацыю, у якой удзельнічаюць сотні салдат і ратавальнікаў. 

Трапічны шторм “Эрл” спачатку абрынуўся на Беліз, пасля – на Гаіці і Дамініканскую Рэспубліку. На захад Мексікі паралельна прыйшоў ураган “Хаўер”.








All the contents on this site are copyrighted ©.