2016-08-09 13:01:00

Спачуванні Пантыфіка пасля тэракту ў пакістанскай бальніцы


Святы Айцец Францішак быў “глыбока засмучаны”, даведаўшыся пра гібель людзей пасля нападу на бальніцу ў пакістанскім горадзе Квета. Ён перадае шчырыя спачуванні родным і блізкім загінулых, уладам і ўсяму народу, а таксама запэўнівае ў сваіх малітвах за многіх ахвяр “гэтага бессэнсоўнага і жорсткага акту насілля”, гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. Для ўсіх, хто смуткуе і хто пацярпеў ад гэтай трагедыі, Папа выпрошвае Боскія дары суцяшэння і сілы.

У выніку выбуху, які прагрымеў раніцай 8 жніўня 2016 г. у аддзяленні рэанімацыі бальніцы найбуйнейшага гораду і сталіцы пакістанскай правінцыі Белуджыстан, загінулі па меншай меры 97 чалавек. Ён адбыўся, калі ў медыцынскай установе знаходзілася група юрыстаў і мясцовыя журналісты, якія прыбылі на паніхіду па старшыні асацыяцыі адвакатаў Белуджыстана Білана Анвара Казі. Загінулі некаторыя асобы з гэтай групы, а таксама тыя, хто наведваў сваіх блізкіх у бальнічнай установе, медыкі і праваахоўнікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.