2016-08-06 10:33:00

Папа прывітаў членаў Алімпійскай зборнай бежанцаў


Святы Айцец скіраваў спецыяльнае пасланне да членаў Алімпійскай зборнай бежанцаў у якім паіменна прывітаў кожнага з спартсменаў, жадаючы ім поспехаў у спаборніцтвах. Ліст Пантыфіка быў апублікаваны 5 жніўня 2016 г., напярэдадні адкрыцця Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.

“Няхай адвага і сіла, якія вы нясеце ў сябе, змогуць выразіць праз Алімпійскія гульні, вокліч братэрства і міру. Няхай – дзякуючы ўсім вам – чалавецтва асэнсуе, што мір магчымы, што з мірам можна здабыць усё, а з вайной – усё згубіць”, - напісаў Папа.

Францішак пажадаў, каб сведчанне членаў Алімпійскай зборнай бежанцаў пайшло на карысць усім. “Малюся за вас і прашу вас, калі ласка, маліцеся за мяне”, - закончыў свой зварот Папа.

Алімпійская зборная бежанцаў складаецца з дзесяці спартсменаў: плаўцоў з Сірыі, бегуноў з Паўднёвага Судана і Эфіопіі, а таксама дзюдаістаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Каб патрапіць у гэту каманду атлеты павінны былі мець высокія спартыўныя рэзультаты, а таксама статус бежанца, пацверджаны ААН. На спаборніцтвах у Рыа-дэ-Жанейра яны будуць выступаць пад алімпійскім сцягам. Гаворка ідзе пра першую зборную бежанцаў у гісторыі Алімпійскіх гульняў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.