2016-08-06 12:41:00

Пантыфік прызначыў новага нунцыя ў Польшчы


Святы Айцец прызначыў 6 жніўня 2016 г. Апостальскім нунцыем у Польшчы арцыбіскупа Сальваторэ Пенакіа, да гэтага Апостальскага нунцыя ў Індыі і Непале.

Новы прадстаўнік Пантыфіка ў Польскай Рэспубліцы нарадзіўся ў 1952 г. у італьянскім Марана-дзі-Наполі. У 1976 г. ён пачаў падрыхтоўку да дыпламатычнай службы ў Папскай касцёльнай акадэміі. У 1998 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Руандзе і надаў яму годнасць арцыбіскупа.

Праз пяць гадоў ён стаў дыпламатычным прадстаўніком Святога Айца ў Тайландзе, Сінгапуры, Камбоджы, Лаосе, Бірме, Малайзіі і Брунеі, а ў 2010 г. быў прызначаны нунцыем ў Індыі і Непале.

Арцыбіскуп Пенакіа замяніў на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Польшчы іншага ватыканскага дыпламата італьянскага паходжання: арцыбіскупа Чэлесціна Мільёры, які 28 мая 2016 г. быў прызначаны прадстаўніком Святога Пасаду ў Расійскай Федэрацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.