2016-08-06 15:52:00

Ватыканская марка да кананізацыі Маці Тэрэзы


Ватыканскае філатэлістычнае і нумізматычнае бюро абвясціла аб выданні паштовай маркі прымеркаванай да кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты. Яна будзе прадстаўлена 2 верасня 2016 г. Саму кананізацыю здзейсніць папа Францішак 4 верасня на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Кошт маркі будзе складаць 95 еўрацэнтаў. На ёй будзе змешчана выява твару Маці Тэрэзы на фоне катэдральнага касцёла Калькуты. На пярэднім плане будзе накладзены іншы вобраз: будучай святой, якая трымае за руку дзіця.

“Крухкая, а ў той жа час рашучая ў сваім пакліканні, Маці Тэрэза любіла Бога і Касцёл з вялізарнай сілай, прастатой і незвычайнай сціпласцю, праславіўшы сваім жыццём годнасць самага пакорнага служэння”, - гаворыцца ў рэлізе паштовай маркі.

Падкрэсліваецца, што Маці Тэрэза была сціплай пасланніцай Евангелля і Хрыстовай любові, вядомай як “маленькі аловак у руках Пана” і заўсёды выконвала сваю працу спакойна і з вялікай любоўю. Яна дапамагала бедным, хворым, пакінутым з нястомная ахвярнасцю, дорачы ўсмешкі і простыя жэсты, знаходзячы сілы для таго, каб настойліва дасягаць мэтаў свайго паклікання праз малітву і веру ў Бога.

Паводле паведамлення Ватыканскага філатэлістычнага і нумізматычнага бюро да кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты будзе выдадзена 150 000 марачных набораў па 10 марак у кожным.








All the contents on this site are copyrighted ©.