2016-08-05 12:01:00

Нечаканасці падчас пілігрымкі Святога Айца ў Асізі


Падчас візіту ў Асізі 4 жніўня 2016 г. Францішак унёс некалькі дадатковых пунктаў у яго афіцыйную праграму. Прычым зрабіў ён гэта спантанна, нечакана для ўсіх. Так, Пантыфік сеў у канфесіянал базылікі Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі і паспавядаў 19 асоб, якія стаялі ў чарзе. Сярод іх былі дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны, свецкія вернікі і кансэкраваныя асобы, у тым ліку жанчына ў інваліднай калясцы і 4 скаўты з Сіцыліі. У агульнай складанасці, Святы Айцец правёў ў канфесіянале каля гадзіны.

Таксама ў храме адбылася спантанная размова Папы з імамам італьянскай Перуджы Абдэль Кадэрам. З боку прадстаўніка іслама, гэта быў візіт ветлівасці, размова была кароткай, яе змест не быў раскрыты. 53-гадовы Абдэль Кадэр кіруе сваёй супольнасцю ўжо 12 гадоў. У нядзелю 31 ліпеня, як лідэр мусульманскай супольнасці сталіцы Умбрыі – рэгіёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца Асізі – ён прыняў удзел у св. Імшы за кс. Жака Амеля, забітага джыхадзістамі ў Францыі.

Спантаннымі былі і словы Францішка, скіраваныя да вернікаў, сабраных на плошчы перад базылікай Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі. Святы Айцец выйшаў да іх пасля малітвы ў капліцы “Portiuncula” і наведання кляшторнай інфермерыі.

“Вялікі вам дзякуй за ваш прыём! Я прашу, каб Пан вас благаславіў. Дзякую вам за гэта жаданне быць разам. І, таксама, не забывайцеся: заўсёды даруйце. Заўсёды! Даруйце ад сэрца, і, калі гэта магчыма, аднаўляйце блізкія адносіны адно да аднаго, і прабачайце. Таму што, калі мы даруем, таксама і Пан даруе нам, а ўсе мы маем патрэбу ў прабачэнні. Можа хтосьці з сабраных тут не мае такой патрэбы? Усе, ці не так?”, - звярнуўся Папа да вернікаў і папрасіў іх маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.