2016-08-04 11:17:00

“Portiuncula” – цэнтральны пункт папскага візіту ў Асізі


Менш за чатыры гадзіны будзе працягвацца 4 жніўня 2016 г. візіт папы Францішка ў Асізі. Ён будзе сканцэнтраваны практычна толькі на “Portiuncula” – невялікай капліцы, дзе восем стагоддзяў таму нарадзіўся і адкуль выйшаў францішканскі рух. Святы Айцец прыедзе сюды ў 800-годдзе так званага “Асізскага даравання”. 

“Portiuncula” – гэта старая і пакінутая ў чысы св. Францішка капліца ў Даліне Сполето ў цэнтральнай Італіі, пабудаваная, верагодна, каля IX ст. Яе назвалі касцёлам Маці Божай з даліны Язафата, бо яго будаўніцтва, як мяркуецца, фінансавалі пілігрымы, што вярталіся са Святой Зямлі. Яны прыносілі з сабой жменю зямлі або камень з месца пахавання Марыі ў даліне Язафата. 

Менавіта гэты маленькі храм адыгрываў вялікую ролю ў жыцці і пакліканні св. Францішка. Калі ён пачуў у сне словы Езуса: “Адбудуй мой Касцёл”, падумаў, што гаворка ідзе пра гэта месца. Уласнымі рукамі, разам са сваімі сябрамі адбудаваў разбураны Божы дом і пасяліўся там. Адтуль ён пайшоў у шлях, заклікаючы ўсіх да пакаяння і перамены жыцця. У будучыні гэта маленькая капліца стала першым кляштарам Братоў меншых, як назваў сваю манаскую супольнасць Францішак.

Святы да канца жыцця быў звязаны з гэтым месцам, і калі адчуў, што памрэ, папрасіў сваіх таварышаў, каб ніколі не пакідалі яго, нават тады, калі нехта будзе імкнуцца выкінуць іх адсюль. “Той, хто тут будзе пабожна маліцца, атрымае тое, аб чым будзе прасіць, а той, хто там зграшыць, больш сурова будзе пакараны”, - запэўніваў Францішак.

З часам, касцёл Маці Божай Анёльскай атрымаў назву “Portiuncula” (лац. маленькая часцінка). У 1560-1678 гадах над ёй узнеслі вялікі храм, вядомы ва ўсім свеце пад назвай Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі, у бочным нэфе якога знаходзіцца келля, дзе жыў і памёр св. Францішак. У 1909 г. папа Пій X надаў касцёлу годнасць патрыярхальнай і папскай базылікі.

“Portiuncula” з’яўляецца асаблівым месцам не толькі для францішканаў, але і для ўсяго Касцёла, і аб гэтым сведчыць той факт, што св. Францішак атрымаў у 1216 г. ад папы Ганорыя III магчымасць поўнага адпусту за наведанне храма 2 жніўня. Пазней адпуст быў распаўсюджаны на ўсе касцёлы і капліцы ў свеце, якія вядуць браты францішкане. Гэта магчымасць для пакаяння і атрымання прабачэння кары за грахі, адсюль і назва гэтага свята – “Асізскае дараванне”.








All the contents on this site are copyrighted ©.