2016-08-04 12:17:00

Францішак да дамініканаў: сузіраць, а потым вучыць


Прапаведванне, сведчанне і любоў – гэта тры стаўпы будучыні Ордэна дамініканаў, лічыць папа Францішак. 4 жніўня 2016 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў генеральнага капітула гэтай манаскай супольнасці. Звяртаючыся да сабраных з прамовай на іспанскай мове, святы Айцец нагадаў, што ў другой палове дня наведае Асізі – духоўны цэнтр Ордэна францішканаў. “Сёння, мы можам апісаць гэты дзень, як “езуіт сярод братоў”, - сказаў Пантыфік.

Гаворачы пра асноўную місію дамініканаў – прапаведванне Божага слова – Францішак заклікаў іх прытрымлівацца навучання свайго заснавальніка: “Сузіраць, а потым вучыць”. Без моцнай асабістай еднасці з Богам, “прапаведванне можа быць вельмі дасканалым і матываваным, і нават цудоўным, але не будзе кранаць сэрца, якое павінна змяняцца”, сказаў Папа. Ён заахвоціў законнікаў разам з вывучэннем складаных тэалагічных пытанняў, заўсёды слухаць людзей.

Па словах Францішка, для плённай перадачы Божага слова неабходна быць “настаўнікамі, вернымі праўдзе і адважнымі сведкамі Евангелля”. Сведка з’яўляецца ўцелаўленнем навучання, не пакідае абыякавым нікога, дадае да праўды радасць Евангелля, якая паходзіць ад упэўненасці ў Божай любові і ў тым, што мы з’яўляемся аб’ектам Яго бясконцай міласэрнасці, падкрэсліў Папа. 

Святы Айцец нагадаў дамініканам пра існаванне мноства пакутуючых і прагнучых Бога людзей. Іх прага “праўдзівага і вызваляючага слова, братэрскага жэсту і спагады”, паводле Папы, павінна “ажыўляць жыццё структур і душпастырскія праграмы” і ўлічвацца пры разглядзе пытанняў па арганізацыйнай структуры ордэна. Ён заклікаў сведчыць аб любові Хрыста і не паддавацца небяспечнай і вельмі актуальнай сёння спакусе гнастыцызму.

Генеральны капітул Ордэна дамініканаў праходзіць з 15 ліпеня па 5 жніўня 2016 г. у італьянскай Балонні ў кантэксце 800-годдзя зацвяржэння манаскай супольнасці папам Ганорыем ІІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.