2016-08-03 10:51:00

Святы Пасад пра сітуацыю дзяцей падчас узброеных канфліктаў


Здавалася, што 2014-ы быў “нагоршым годам”, калі самая вялікая колькасць дзяцей пацярпела ў выніку ўзброеных канфліктаў, але аказалася, што 2015-ы пераўзышоў яго, адзначыў часовы павераны ў справах Пастаяннага прадстаўніцтва Святога Пасаду пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. 2 жніўня 2016 г. кс. Сіман Касас прыняў удзел у дыскусіі ў рамках Савета Бяспекі на тэму сітуацыі дзяцей падчас узброеных канфліктаў. 

Ніхто не можа ігнараваць гэтых фактаў, адзначыў ватыканскі дыпламат і нагадаў, што падлеткі сёння выкарыстоўваюцца ў якасці салдат, тэрарыстаў-смяротнікаў, разведчыкаў у самых небяспечных ваенных аперацыях, а таксама секс-рабоў. Ваеннай стратэгіяй стала наўмыснае знішчэнне школ і бальніц, што з’яўляецца поўным ігнараваннем нормаў міжнароднага гуманітарнага права. Выкарыстанне паветраных удараў і выбуховай зброі з шырокай тэрыторыяй паражэння ў населеных раёнах становіцца непасрэднай небяспекай для дзяцей.

Апостальская Сталіца з’яўляецца сталым партнёрам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у супрацьдзеянні не толькі выкарыстанню дзяцей у якасці салдат, але і многім іншым формам насілля ў дачыненні да падлеткаў, якія апынуліся ва ўмовах ўзброеных канфліктаў, нагадаў святар-дыпламат. Ён звярнуў увагу на дзейнасць шматлікі каталіцкіх дабрачынных і грамадскіх устаноў, якія супрацоўнічаюць з міратворчымі місіямі ААН, каб дапамагчы аблегчыць пакуты дзяцей. 

Кс. Касас, ад імя Святога Пасаду, заклікаў кіраўніцтва краін падтрымаць сем’і і дзяцей, ахвяр узброеных канфліктаў, перш за ўсё, праз пераадоленне забабонаў у адносінах да жанчын і дзяўчынак, якія сталі ахвярамі згвалтавання, і рэінтэграцыю былых дзяцей-салдат у грамадства.

“Абавязацельства пакласці канец варварскім дзеянням у дачыненні да дзяцей, якія апынуліся ў сітуацыі ўзброеных канфліктаў ускладзена на кожнага з нас”, - падкрэсліў дыпламатычны прадстаўнік Святога Пасаду і заклікаў дзяржавы “ўвесці ў дзеянне і ажыццяўляць больш строгія меры па абароне такіх падлеткаў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.