2016-08-02 13:01:00

Францішак паедзе ў Калумбію незалежна ад выніку рэферэндуму


Запланаваны візіт Францішка ў Калумбію ў 2017 г. адбудзецца незалежна ад выніку рэферэндуму па мірным працэсе ў краіне. “Папа прыбудзе ў Калумбію, незалежна ад таго, як пойдзе мірны працэс”, - сказаў старшыня мясцовага епіскапату, арцыбіскуп Луіс Аўгуста Кастра Кірога ў інтэрв’ю газеце “El Heraldo”. Акрамя таго, сам Папа падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве пацвердзіў свой візіт у 2017 г, але без указання канкрэтнай даты.

Урад Калумбіі спадзяецца, што падпісанне мірнага пагаднення з левай арганізацыяй “Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі” (FARC) адбудзецца ў другой палове жніўня. У якасці даты магчымага рэферэндуму называецца 25 верасня. Раней, 23 чэрвеня, Прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас і кіраўнік “FARC” Цімалеон Хіменэс пасля амаль чатырох гадоў перамоў падпісалі дэкларацыю аб спыненні агню. Гэта павінна пакласці канец крываваму ўнутранаму канфлікту, які працягваецца больш за 50 гадоў, і ў якім да гэтага часу загінула больш за 250 тыс. чалавек, а больш за 6 млн. з’яўляюцца бежанцамі ў сваёй уласнай краіне.








All the contents on this site are copyrighted ©.