2016-08-02 14:19:00

Святы Айцец засмучаны смерцю кардынала Махарскага


З вялікім шкадаваннем Папа ўспрыняў навіну аб смерці польскага кардынала Францішка Махарскага, арцыбіскупа Кракаўскага на пенсіі. У гэтым прызнаўся ён сам 2 жніўня 2016 г. у спецыяльнай спачувальнай тэлеграме, у якой пацвердзіў, што яднаецца з польскім духавенствам і вернікамі “ў малітве падзякі за жыццё і пастырскую працу заслужанага Слугі Евангелля”.

Францішак нагадаў, што біскупскі дэвіз памерлага гучаў: Езу, давяраю Табе! Ён адзначыў, што кардынал Махарскі нёс сваё служэнне з прысвячэннем спачатку ў якасці святара, выкладчыка, рэктара семінарыі, а потым – наступніка св. Станіслава і Яна Паўла ІІ. Ён быў сапраўдным “айцом для святароў і вернікаў”, “узначальваў Касцёл у Кракаве ў цяжкія часы палітычных і грамадскіх пераўтварэнняў, з мудрасцю, са здаровым падыходам да рэчаіснасці, клапоцячыся пра павагу да годнасці кожнага чалавека, пра карысць касцёльнай супольнасці, і, перш за ўсё, пра захаванне жывой веры ў сэрцах людзей”, - напісаў Папа ў тэлеграме на імя кардынала Станіслава Дзівіша, арцыбіскупа Кракаўскага.

“Я ўдзячны Провіду, за тое, што я мог наведаць яго падчас нядаўняга візіту ў Кракаў. На апошнім этапе жыцця ён быў вельмі дасведчаны пакутамі, якія перажыў з ціхамірнасцю”, - адзначыў Францішак і завяршыў сваю тэлеграму: “Няхай Пан прыме яго да сваёй хвалы!”.

Кардынал Махарскі заставаўся ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі кракаўскага шпіталя з 12 чэрвеня 2016 г. пасля таго, як страціў прытомнасць і ўпаў з лесвіцы. Іерарх памёр 2 жніўня 2016 г. раніцай. Ён будзе пахаваны ў Вавельскай катэдры.








All the contents on this site are copyrighted ©.