2016-08-02 15:28:00

Святы Айцец заклікаў маліцца за братэрства ў спорце


На ватыканскім канале ў “YouTube” з’явіўся чарговы відэа-ролік, у якім папа Францішак каментуе сваю агульную інтэнцыю на жнівень. У гэтым “алімпійскім” месяцы ён заклікае асаблівым чынам маліцца, каб “спорт быў магчымасцю для братэрскай сустрэчы паміж народамі і ўносіў свой уклад у справу міру ва ўсім свеце”.

“Спорт дазваляе будаваць культуру сустрэчы сярод усіх для міру ва ўсім свеце. Я мару пра спорт, як практыкаванне чалавечай годнасці, як ператварэнне ў сродак братэрства. Ці мы жадаем ажыццявіць гэты намер разам, каб спорт стаў магчымасцю для сяброўскіх сустрэч паміж людзьмі і мог спрыяць усталяванню міру ва ўсім свеце?”, - запытаўся Францішак у сваім кароткім каментары, які гучыць за кадрам.

Папа часта спасылаецца на адукацыйныя каштоўнасці спорту, якія маюць таксама міжнароднае вымярэнне. У сваёй прамове 19 снежня 2014 г. да Нацыянальнага алімпійскага камітэта Італіі ён падкрэсліў, што Касцёл заўсёды выступаў у падтрымку ўніверсальнасці спорту, яго грамадскага, адукацыйнага і культурнага аспектаў. 

Кожнае спартыўнае мерапрыемства, у першую чаргу, Алімпіяда, у якой бяруць удзел прадстаўнікі розных краін з іх гісторыямі, культурамі, традыцыямі, верамі і каштоўнасцямі, можа стаць спосабам пераадолення канфліктаў, выкліканых парушэннем правоў чалавека, лічыць папа Францішак. На яго думку, Алімпійскі дэвіз – “Хутчэй, вышэй, мацней” – заклікае не да перавагі аднаго народу над другім, але да неабходнасці працаваць і ахвяраваць сабой дзеля дасягнення важных мэтаў.

Святы Айцец кожны месяц прапануе таксама сваю евангелізацыйную інтэнцыю. У жніўні ён заклікае маціцца, “каб хрысціяне жылі ў адпаведнасці з Евангеллем, даючы сведчанне веры, сумленнасці і любові да бліжняга”.








All the contents on this site are copyrighted ©.