2016-08-01 14:27:00

Кс. Ламбардзі пра вынікі Сусветных дзён моладзі


Вынікам завершаных Сусветных дзён моладзі ў Кракаве з’яўляецца рух вялікага даверу і надзеі на будучыню, лічыць кс. Фэдэрыка Ламбардзі, ужо былы кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ён падвёў вынікі міжнароднай сустрэчы і візіту Францішка ў Польшчу.

“Я думаю, што падарожжа мела велізарны поспех, таму што вялікім поспехам сталі самі Сусветныя дні моладзі, якія ў поўнай меры апраўдалі чаканні як адносна колькасці ўдзельнікаў, так і агульнай атмасферы, а таксама паслання даверу і надзеі на будучыню”, - сказаў італьянскі езуіт, які 1 жніўня 2016 г. завяршыў сваю працу ў якасці кіраўніка ватыканскай прэс-службы.

Кс. Ламбардзі лічыць, што Польшча “вельмі добра” прыняла Папу. Вядома, палякі носяць у сабе вялікую памяць пра Яна Паўла II, але бачаць у Францішку працяг яго паслання, і не толькі тады, калі гаворка ідзе пра пятровае служэнне, але і ў закліку да міласэрнасці.

Святар спаслаўся на імправізаванае выступленне Пантыфіка перад валанцёрамі і выказаў перакананне, што гэта быў “выдатны сінтэз” яго паслання да моладзі, бо ўтрымлівала ў сабе асноўныя словы: памяць аб мінулым, мужнасць у сучаснасці і надзея на будучыню.








All the contents on this site are copyrighted ©.