2016-07-31 10:40:00

Папа на заканчэнне СДМ: Бог – верны “заўзятар” чалавека


“Для Бога не мае ніякага значэння, якую вопратку носіш ці які тэлефон выкарыстоўваеш; для Яго не важна ці адпавядаеш модзе. Для Яго важны ты. У Яго вачах ты бясцэнны”, - сказаў папа Францішак 31 ліпеня 2016 г. падчас Эўхарыстыі на “Campus Misericordiae”, якую ўзначаліў на заканчэнне Сусветных дзён моладзі. У св. Імшы прынялі ўдзел каля 1,6 млн. чалавек. 

Разважаючы над гісторыяй евангельскага Закхея, Францішак падкрэсліў, што юнакі і дзяўчаты нярэдка трымаюцца на дыстанцыі ад Пана, паколькі лічаць сябе “не на вышыні”. Гэта спакуса, паводле яго слоў, тычыцца не толькі самапавагі, але таксама і веры. Вера кажа, што мы з’яўляемся дзецьмі Божымі і гэта частка хрысціянскай духоўнай тоеснасці, нагадаў Папа. Па словах Святога Айца, варта кожнай раніцы прачынацца з думкай пра любоў Бога, які “балее” за чалавека, як самы верны “заўзятар”. 

Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат не дазволіць сораму паралізаваць сябе, не баяцца даверыць Езусу ў сакрамэнце споведзі свае слабасці, цяжкасці і грахі; не баяцца сказаць Яму “так” і ісці за Ім; адмовіцца ад “допінгу” поспеху любым коштам і “наркотыку” засяроджанасці толькі на сябе і ўласным камфорце.

Паводле слоў Святога Айца, моладзь паклікана быць мацней за зло, любячы ўсіх, нават ворагаў. “З вас могуць смяяцца, паколькі верыце ў ціхую і пакорную сілу міласэрнасці. Не бойцеся, але думайце пра словы гэтых дзён: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць”. Вас могуць называць летуценнікамі, бо верыце ў новую чалавечнасць, якая не прымае нянавісці паміж народамі, не бачыць у межах краін бар’ераў і захоўвае свае традыцыі без эгаізму і пачуцця помсты. Не трапляйце ў роспач: сваёй усмешкай і сваімі раскрытымі рукамі прапаведуйце надзею і будзьце благаслаўленнем для адзінай чалавечай сям’і, якую тут так цудоўна прадстаўляеце!”, - сказаў Папа.

На заканчэнне сваёй гаміліі Францішак заклікаў удзельнікаў Сусветных дзён моладзі пусціць Езуса Хрыста ў сваю штодзённасць. “Пан не хоча застацца толькі ў гэтым цудоўным горадзе ці дарагіх успамінах, але хоча прыйсці ў твой дом, пасяліцца ў тваім штодзённым жыцці: вучобе і першых гадах працы, сяброўствах і пачуццях, планах і марах”, - сказаў Папа. Ён заклікаў надаць малітве першае месца сярод усіх кантактаў і “чатаў”, а Евангелле зрабіць “навігатарам” па жыццёвых шляхах. 








All the contents on this site are copyrighted ©.