2016-07-30 14:39:00

Францішак даў парады польскаму духавенству


Пазбягаць прывязанасці да камфорту і двайнога жыцця заклікаў папа Францішак святароў, законнікаў і законніц, кансэкраваных асоб і семінарыстаў з усёй Польшчы. Спецыяльна для іх Пантыфік цэлебраваў 30 ліпеня 2016 г. Эўхарыстыю ў санктуарыі св. Яна Паўла ІІ у Кракаве.

У сваёй гаміліі ён нагадаў, што Езус ад самага пачатку жадаў, каб Касцёл не быў закрыты ў сабе, а ішоў у свет, наследуючы Яго прыклад: заняў пазіцыю не пана, а слугі. Гэта пакліканне, паводле слоў Святога Айца, тычыцца таксама і сучасных вучняў Хрыста. 

Францішак звярнуў увагу на тое, што святары і кансэкраваныя асобы нярэдка сустракаюцца са спакусай сканцэнтраванасці на сабе ці закрытасці ў сваім асяроддзі. Гэта адбываецца або па прычыне страху, або з-за жадання камфорту. Хрыстус жа кліча ісці па жыцці шляхам дару сябе. 

Па словах Пантыфіка, Езусу не падабаюцца “шляхі, пройдзеныя напалову”, “дзверы, пакінутыя замкнёнымі”, “жыццё з двайнымі рэйкамі”. Самыя блізкія вучні Пана павінна жыць “канкрэтнай любоўю”, што значыць “служэннем і адкрытасцю”, лічыць ён. 

Хто вырашыў прыпадобіць сваё жыццё да Езуса, не выбірае сабе месцаў, але ідзе, куды яго пасылаюць, заўважыў Папа і дадаў, што скарбам такога чалавека павінна быць цэнтральная роля Хрыста ў яго жыцці.

Францішак заклікаў святароў пазбягаць сітуацый, калі іх прабуюць паставіць у цэнтр, не імкнуцца да хісткіх п’едэсталаў улады, не прывязвацца да камфорту, які аслабляе евангелізацыю, не губляць часу на праектаванне бяспечнай і добра забяспечанай будучыні, каб не стаць ізаляванымі і смутнымі, закрытымі ў вузкіх сценках безнадзейнага і бязрадаснага эгаізму. 

Пасля Эўхарыстыі ў санктуарыі св. Яна Паўла ІІ Пантыфік накіраваўся ў Кракаўскую курыю на абед з 13 юнакамі і дзяўчатамі з усіх кантынентаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.