2016-07-30 11:40:00

Папа наведаў кракаўскі санктуарый Божай Міласэрнасці


Малітвай каля рэліквій св. Фаўстыны Кавальскай і спавяданнем васьмі ўдзельнікаў Сусветных дзён моладзі пачаў папа Францішак чацвёрты дзень свайго прабывання ў Польшчы. Раніцай 30 ліпеня 2016 г. Пантыфік наведаў санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках. 

Папскі візіт працягваўся каля гадзіны. Ён пачаўся ў капліцы св. Фаўстыны Кавальскай у кляштары кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Вітаючы сабраных законніц, у спантанных словах Францішак заклікаў іх захоўваць у сэрцы давер да Божай міласэрнасці. “Нават калі адчуеш уласную слабасць, прыніжэнне грахом і падзеннем, Ён менавіта там цябе чакае і працягвае руку”, - сказаў Папа.

Пантыфік правёў некаторы час у маўклівай малітве перад рэліквіямі св. Фаўстыны, а ў кнізе ганаровых гасцей напісаў біблійныя словы прарока Осіі: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. Законніцы падарылі Святому Айцу “Дзённік” св. Фаўстыны на іспанскай мове, абраз Езуса Міласэрнага, стулу і арнат. 

Затым Папа накіраваўся ў базыліку Божай Міласэрнасці. Тут ён звярнуўся да сабраных з кароткай прамовай. “Выкарыстаем гэты дзень, каб усе маглі спазнаць міласэрнасць Езуса”, - сказаў ён. Пантыфік заклікаў не аддаляцца ад Хрыста, “нават калі здаецца, што па прычыне нашых грахоў з’яўляемся найгоршымі”.

Святы Айцец прайшоў праз Браму Міласэрнасці ў базыліцы, а затым паспавядаў восем удзельнікаў Сусветных дзён моладзі з розных кантынентаў. 

Санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках быў кансэкраваны ў 2002 г. св. Янам Паўлам ІІ. У 2006 г. яго наведваў Бэнэдыкт XVI. Кожны год сюды прыбывае каля двух мільёнаў пілігрымаў з усяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.